Крысціна Рыхтэр: Еўропа робіць больш рашучыя крокі па вызваленні палітвязняў



11-га траўня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыя аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі. У ёй утрымліваецца патрабаванне вызваліць Віктара Бабарыку.

Ціханоўская вітала рэзалюцыю Еўрапарламента і адзначыла, што рэзалюцыя пацвярджае еўрапейскую салідарнасць з народам Беларусі.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутырала з дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр пра тое, якія крокі надалей могуць зрабіць беларусы замежжа і Еўропа для вызвалення палітвязняў у Беларусі, і як на гэтым фоне рэагаваць на запрашэнне ААН да Лукашэнкі прыняць удзел у восеньскім саміце па ўстойлівым развіцці, што пройдзе ў Нью-Ёрку:

РР: Прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента па правах чалавека ў Беларусі і канкрэтна па Віктару Бабарыку. Што дасць гэты дакумент? Сапраўды могуць санкцыі ўзмацніцца? Як вы ўвогуле ацэньваеце гэты дакумент і яго карыснасць?

Крысціна Рыхтэр: Гэтая рэзалюцыя, як і ўсе рэзалюцыі, якія прымаюцца Еўрапарламентам, і, напрыклад, мы зараз чакаем рэзалюцыю Рады Еўропы наконт міграцыйных праблем, міграцыйных пытанняў беларусаў, усе гэтыя рэзалюцыі – гэта фіксаванні на міжнародным узроўні таго становішча, тых праблемаў, якія ёсць. Відавочна, канешне, што сама рэзалюцыя аўтаматычна не вырашае вастрыні праблемы, але яна з’яўляецца позвай на тое, каб далей рабіць нейкія дзеянні.

Я  асабіста лічу, што нельга там сядзець і  проста чакаць, каб на падставе такіх рэзалюцый нешта сама рабіла міжнародная супольнасць. Нам заўжды трэба на падставе гэтых рэзалюцый адвакатаваць свае інтарэсы. А як гэта робіцца? Заўсёды спасылаюцца на гэтыя дакументы і камунікуюцца з рознымі актарамі міжнароднай супольнасці для таго, каб прасіць тыя ці іншыя дзеянні.

Калі казаць пра сітуацыю з Бабарыкам і з іншымі палітзняволенымі, то відавочна, што гэта зварот да міжнароднай супольнасці, каб яна націснула, каб палітзняволеных адпускалі, і ўсіх. Тут нельга казаць, каго ў першую чаргу, каго не. Гэта павінна быць адначасова, але, канешне, нас вельмі турбуе той стан здароўя, які ёсць у многіх палітзняволеных, які пагаршаецца ў тых умовах, у якіх яны зараз знаходзяцца. То, канешне, менавіта на людзей, якія маюць праблемы са здароўем, трэба больш пільную ўвагу звяртаць і абавязкова ў самай першай чарзе выпускаць. Але відавочна, што людзі сядзяць ні за што, за палітычны ўціск і палітычныя рэпрэсіі, таму варта, канешне, выпускаць усіх.   

Таму рэзалюцыі самі па сабе з’яўляюцца такім фіксаваннем на міжнародным узроўні, і гэта вельмі добры сігнал. Яны даюць зразумець, што сітуацыя ў Беларусі не закрытая, яна ўсё ж такі застаецца на міжнародным парадку дня. Але гэта толькі маленькі крок, каб надалей з гэтым пытаннем працаваць.

РР: Зразумела, што Еўропа працуе так вельмі асцярожна, паступова, па нарастаючай. Але, калі, напрыклад, не будзе зрухаў далей, сітуацыя застанецца якую зараз назіраем. Які наступны дакумент можа прыняць Еўропа па моцы, па іерархіі?

Крысціна Рыхтэр: Канешне, усё крок па кроку набірае свае абароты.Таму што не так даўно мы размаўлялі і быў прыняты чарговы маскоўскі механізм, які даў ужо свой рэпорт, справаздачыўся аб тых парушэннях правоў чалавека, якія былі ў Беларусі. Таксама ёсць місія Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека, мандат, які працягнуўся другі раз запар. Гэтае даследаванне працягваецца. Таксама ёсць гэтая рэзалюцыя Еўрапарламента, гэта не адзіная рэзалюцыя, якая ёсць па Беларусі.

Гэта стварае такую вось кан’юнктуру. Відавочна, што міжнародная супольнасць не такая хуткая і рэактыўная, як бы нам хацелася. Шмат суб’ектаў, якія прымаюць рашэнні.

Зараз ствараюцца, на мой погляд, вельмі спрыяльныя ўмовы для таго, каб былі прынятыя больш рашучыя дзеянні. Як юрыст я б, канешне, хацела. Каб былі ўжо створаныя нейкія рашэнні і прынятая рэзалюцыя. Напрыклад, аб стварэнні нейкіх спецыяльных трыбуналаў па злачынству супраць чалавечнасці, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі. Ці, напрыклад, зараз ёсць ініцыятыва НАУ і Паўла Паўлавіча Латушкі, якую мы таксама цалкам падтрымліваем, гэта па прыцягненні да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за перамяшчэнне дзяцей з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі. Гэта таксама можа стаць падставай, каб пачаць гэтае расследаванне папярэдняе ў міжнародным крымінальным судзе. І таксама мы памятаем гэтыя навіны, што выдалі ордар на Пуціна, такія справы могуць паспрыяць, каб выдалі ордар і ў дачыненні да Лукашэнкі.      

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ОСЦ