У Польшчы працягваюцца экзамены на атэстат сталасці



У Польшчы працягваюцца экзамены на атэстат сталасці. Сёння а 14-ай гадзіне абітурыенты будуць пісаць экзамен на атэстат сталасці па мове нацыянальнай меншасці. У гайнаўскім і бельскім беларускіх ліцэях – экзамен па беларускай мове.

Як кажа дырэктар  ліцэя з дадтковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Ігар Лукашук, усе сёлетнія абітурыенты гайнаўскага ліцэя прыступаюць да экзамену. Вызваленыя зад яго ёсць традыцыйна лаўрэаты алімпіяды па беларускай мове. 

У гэтым годзе наш ліцэй скончыла 80 маладых людзей. 68 падыходзіць да экзамену на атэстат сталасці па беларускай мове. А чаму толькі 68? Таму што 12 з іх – гэта лаўрэаты або фіналісты алімпіяды па беларскай мове, у сувязі з чым яны ўжо атрымліваюць 100-адсоткавы вынік па экзамене па беларускай мове.

Як кажа дырэктар ліцэя з дадтковым навучаннем беларускай мовы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску- Падляшскім Андрэй Стэпанюк, большасць бельскіх абітурыентаў адмовілася пісаць сёлетні экзамен па беларускай мове:

Вядома, што пайшла тая сітуацыя, якая здарылася ў верасні, то большасць выпускнікоў у гэтым годзе не прыступае да экзаменаў па беларускай мове. Будуць пісаць 5 асобаў, а 16 – гэта фіналісты і лаўрэаты.

У абодвух ліцэях усе вучні яшчэ пры паступленні ў гэтыя школы дэкларавалі, што будуць вывучаць беларускую мову. Летась у верасні вучні выпускных класаў Бельскага ліцэя адмовіліся вывучаць беларускую мову, і ў гэтым іх падтрымала Кураторыя асветы, паводле якой адмова ад вывучэння мовы нацменшасці ёсць правам кожнага, і што гэта не абавязвае вучняў пакідаць сцены ліцэя.

Кураторыя асветы, карыстаючыся фармальнымі прычынамі, плануе змяніць статуты ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім у пытанні абавязку вывучэння беларускай мовы. На гэты момант у статутах такі абавязак запісаны. Адзначае Ігар Лукашук:

Ёсць закон, які абавязуе выпускнікоў, абірутыентаў школаў з навучаннем мовы меншасці здаваць экзамены на атэстат сталасці па мове дадзенай меншасці. А мы ж школа з навучаннем беларускай мовы.

На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы. На сённяшні дзень петыцыю падпісалі каля 600 асобаў і 15 арганізацыяў.

Беларускае Радыё Рацыя