Што чакае ВУП Беларусі ў гэтым годзе?
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе, што эканоміка Беларусі працягне сваё падзенне. І гэта пры тым, што іншыя прагнозы прадказваюць рост беларускага ВУП. Паводле ацэнкі ЕБРР, беларуская эканоміка сёлета скароціцца на адзін працэнты, а ў наступным годзе вырасце на 1,3%. Але і гэты рост застаецца пад значнымі рызыкамі зніжэння.
“Шырокамаштабныя санкцыі, уведзеныя ў выніку шчыльнай супрацы Беларусі з Расеяй, абмяжоўваюць бізнес-актыўнасць і экспартныя магчымасці. У выніку ў 2022 годзе ВУП скараціўся на 4,7%. Падзенне было шырокамаштабным і закранула звычайна ўстойлівы сектар інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пасля гадоў нязменна высокага росту ў ім. Нявызначанасць, якая ўзнікла ў выніку вайны ва Украіне, а таксама экспартных і фінансавых абмежаванняў, спрычынілася да істотнага скарачэння інвестыцый і чыстага экспарту”, – гаворыцца ў аглядзе.
Беларускім рамеснікам нагадалі пра новы падатак
У Беларусі з 1 ліпеня рамеснікі і фізічныя асобы, якія вядуць дзейнасць у сферы аграэкатурызму, будуць абавязаныя плаціць падатак на прафесійны даход. Асноўная стаўка гэтага падатку складае 10% ад атрыманай валавой выручкі. Пры працы з фізічнымі асобамі або замежнымі арганізацыямі яе трэба ўжываць незалежна ад сумы даходу. Пры працы з беларускімі арганізацыямі ў межах 60 тысяч рублёў стаўка падатку складае 10%, звыш гэтай сумы – 20%.
Цяпер жа рамеснікі плацяць толькі рамесніцкі збор, які на бягучы год складае толькі 62 беларускія рублі. Але працягваць плаціць яго можна будзе толькі з дазволу мясцовых уладаў. Паведамляецца, што за першы квартал ужо каля 2 тысяч рамеснікаў перайшлі на падатак на прафесійны даход.
Некаторыя банкі Чэхіі сталі закрываць рахункі грамадзян Беларусі і Расеі
Гэтая мера закранула тых, хто знаходзіцца ў краіне па працоўных ці студэнцкіх візах. Цяпер рахункі анулююць у банках Creditas і UniCredit Bank, піша e15.cz. У адным з банкаў тлумачаць, што гэта не масавая з’ява, а толькі “высокая асцярожнасць у дачыненні да асоб з некаторых краін”.
Дарэчы, чэшскія законы не абавязваюць банкі інфармаваць кліентаў пра блакаванне рахункаў. А для разблакавання абавязкова патрэбна ПМЖ, чаго ўладальнікі працоўных і студэнцкіх віз, як правіла, не маюць. Раней беларусы сутыкаліся з блакаваннем сваіх рахункаў ва Украіне.
Ці павысяцца цэны на навучанне ў БДУ для платнікаў?
Рэктара БДУ Андрэя Караля наўпрост спыталі на СТБ, ці вырастуць сёлета цэны на навучанне. Вось што ён адказаў. “Кошт навучання прывязаны да пэўнай рацыі, да пэўнай кухні, ён не можа ні ўпасці, ні вырасці па сваім жаданні. Усё мае выразную прывязку, і ў суадносінах з нашымі ўнутранымі выдаткамі на падрыхтоўку спецыяліста. У роўнай ступені мы, вядома ж, улічваем і арыентуемся на канкурэнтнасць з пункту гледжання нашых найбліжэйшых партнёраў, якія таксама могуць прыняць гэтых абітурыентаў”, — адказаў на пытанне Кароль. Нават вядучая СТБ не вытрывала. “Прыгожа сышлі ад адказу, прыгожа”, — сказала яна. “Чаму? Магу адказаць адным словам”, — запярэчыў Кароль. І адказаў: “У цэлым, не”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Ілюстрацыйнае фота pixabay.com