„Музей Беларускага Палесся” запрашае на „Ноч у музеі”
Адзін са старэйшых беларускіх музеяў, які не прыпыняў дзейнасці нават у часы Другой сусветнай вайны, – пінскі „Музей Беларускага Палесся” – запрашае аматараў даўніны на штогадовую міжнародную акцыю „Ноч у музеяў”. Для наведнікаў падрыхтаваныя экскурсіі ў падзямелле пінскага калегіума, квэст-гульні, тэатралізаваныя пастаноўкі на гістарычную тэматыку.
Па словах супрацоўніцы ўстановы Святланы Лазюк, акрамя забаўляльных мерапрыемстваў, у саміх фондах захоўваецца шэраг унікальных экспанатаў:
– Можна пабачыць цікавы экспанат – пячатку пінскага князя Ізяслава Яраслававіча, які княжыў з 1054 па 1074 год. Статут Вялікага Княства Літоўскага – асноўны дакумент, па якім жыла наша дзяржава. Скандынаўскі відэлец – адзін з даўнейшых экспанатаў, які адносіцца да 12-га стагоддзя. Найбольш унікальны экспанат музею – саркафаг 12-гас стагоддзя, які знойдзены падчас раскопак у горадзе Тураве.
Традыцыйна міжнародная акцыя „Ноч у музеі” ладзіцца 18 траўня, але пінскія музейшчыкі, дзеля зручнасці наведнікаў, вырашылі перанесці мерапрыемства бліжэй да выходных, на пятніцу 19 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя