Абаронцы Украіны не страцілі раней занятых пазіцыяў на Бахмуцкім напрамку



Як паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, вызваленыя днямі амаль 20 км. кв. тэрыторый застаюцца пад контролем УСУ, украінцы працягваюць рухацца далей на асобных участках.

Што да самога Бахмута, то там, паводле слоў Маляр, ідуць цяжкія баі і зафіксавана некаторае прасоўванне ворага.

„Усё, што ў ваенным разуменні, можна зрабіць у гэтай сітуацыі – наша камандаванне і байцы робяць. Робяць прафесійна і на мяжы магчымасцей”, – дадала яна.

Вядома, што беларускія падраздзяленні панеслі цяжкія страты пад Бахмутам. Загінуць маглі пяцёра добраахвотнікаў. Ёсць параненыя. Дэталі і прозвішчы загінулых пакуль не публікуюцца.

Тым часам, кіраўнік вайсковай выведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што адна з галоўных умоў заканчэння вайны — стварэнне дэмілітарызаванай зоны паміж Украінай і Расеяй шырынёй не менш за 100 кіламетраў. Ён патлумачыў, што лічыць такую дыстанцыю аптымальнай, бо з яе будзе немагчыма наносіць эфектыўныя ўдары па Украіне звычайнымі сродкамі.

На гэтым этапе вайны можна з упэўненасцю казаць, што расейская армія выдыхнулася, канстататваў Буданаў. Паводле яго слоў, колькасць яе асабовага складу ўсё яшчэ вялікая і чалавечых рэсурсаў у Расеі хопіць яшчэ на нявызначаны час, але якасць расейскай арміі вычарпаная — як з пункту гледжання ваеннай падрыхтоўкі, так і ў плане тэхнікі і ўзбраенняў.