Эвалюцыя трызнення
Спецыяльная ваенная аперацыя (чытай – поўнамаштабная вайна) ужо больш за год мае выразныя мэты. І чым далей, тым больш канкрэтна. Аматары федэральных каналаў з задавальненнем перажоўваюць чарговую порцыю трызнення, шумна глытаюць, потым запіваюць вытанчаным гарэлачна-піўным кактэйлем, каб абудзіць у сабе разумовыя працэсы.
А думаць ёсць пра што: нацысты ва Ўкраіне, як іх не душы, не сканчаюцца і не дэмілітарызуюцца; пракляты Захад яшчэ больш інтэнсіўна асвойвае ўкраінскую зямлю, тым самым ствараючы ваенную пагрозу Расіі-матушцы. А на днях бункерны прэс-сакратар Пяскоў агучыў новую мэту – недапушчэнне абстрэлаў тэрыторыі РФ, таму СВА будзе працягвацца. Дзіўная пазіцыя. Галоўнае, ясная, абгрунтаваная і жалезная. Чамусьці „няма вайне ва Украіне” для Расіі амаральна, а „няма абстрэлам у Расіі” – вельмі нават патрыятычна. Хаця антываенная сутнасць прысутнічае ў абодвух закліках.
Цікава, ці задумваюцца аматары федэральных каналаў: чаму не было абстрэлаў да 24 лютага 2022 года? Ці так званыя „дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя” ўжо для іх неактуальныя? Але ж праглынуць любую новую серыю крамлёўскага цырка! І зап’юць вытанчаным гарэлачна-піўным кактэйлем.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя