Беларусь павялічыла пастаўкі вайсковай тэхнікі ў РФ



Ваенная прамысловасць Беларусі апошнім часам павялічыла пастаўкі вайсковай тэхнікі ў РФ. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта РБ Дзмітрый Пантус. Ён прысутнічаў на адкрыцці ў Менску выставы ўзбраенняў MILEX-2023.

Пантус прызнае, што гэта звязана з вайной ва Украіне і патрэбамі расійскай арміі. Аднак назваць лічбы ён адмовіўся. Сказаў толькі, што Беларусь гатовая паставіць Расіі “любы від узбраенняў”, які яе зацікавіць. Расіян Дзмітрый Пантус назваў братамі. Таксама ён гаварыў пра тое, што беларуская прамысловасць рэагуе на вайну ва Украіне. Да прыкладу, вялікае значэнне цяпер маюць беспілотнікі, і “мы таксама пачалі шмат працаваць над гэтай тэхнікай”, – дадаў чыноўнік, словы якога перадае “Інтэрфакс”.

Аўстрыйскі Raiffeisen спыняе супрацоўніцтва з беларускімі банкамі

Як стала вядома “Нашай Ніве”, аўстрыйскі Raiffeisen Bank разаслаў беларускім некаторым банкам паведамленне пра тое, што са жніўня спыняе з імі карэспандэнцкія адносіны. Гэта азначае, што закрываецца адзін з апошніх каналаў руху грошай на Захад і з Захаду. У Беларусі ў Raiffeisen Bank ёсць даччыны банк – гэта “Прыёрбанк”.

У выніку санкцый за ўнутраныя рэпрэсіі і ўдзел рэжыму ў вайне беларускі фінансавы сектар быў моцна абмежаваны ў сваёй магчымасці падтрымліваць зносіны з навакольным светам. “Райфайзэн” заставаўся апошнім банкам, які карэспандаваў беларускім банкам пры накіраванні плацяжоў у Еўропу, а таксама прыёме плацяжоў адтуль.

Нацбанк запусціў сайт Музея грошай з анлайн-турам

Нацыянальны рэгулятар паведаміў аб пачатку працы афіцыйнага сайта Музея грошай – гэтую падзею вырашылі прымеркаваць да міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая. На рэсурсе можна паўдзельнічаць у 3D-туры па залах музея – разгледзець экспанаты і даведацца пра іх падрабязнасці, а таксама прачытаць ці праслухаць інфармацыю аб гісторыі грашовага абарачэння і банкаўскай справы на рускай і беларускай мовах.

Акрамя гэтага, наведвальнікі сайта могуць праверыць свае веды па тых ці іншых тэмах з дапамогай размешчаных там віктарын, а таксама забраніраваць экскурсіі ў Музей грошай.

Кароль Вялікабрытаніі шукае эсэмэмшчыка. Колькі абяцаюць плаціць?

Кароль Вялікабрытаніі Карл III і каралева-кансорт Каміла шукаюць асабістага эсэмэмшчыка – чалавека, які адказваў бы за вядзенне сацсетак і сайта ад імя манархаў. Асноўная яго задача – “ствараць кантэнт, які будуць глядзець мільёны”. Адпаведная вакансія размешчана на спецыялізаваным партале. SMM-спецыяліст павінен будзе “знайсці новыя спосабы прадстаўляць караля і каралеву ў публічнай прасторы і на сусветнай арэне”.

Суіскальнік атрымае працоўнае месца ў Букінгемскім палацы і зарплату ў каля 43,5 тысяч даляраў у год у эквіваленце. Гэта, піша Daily Mail, крыху вышэй за сярэдні заробак у Вялікабрытаніі ў мінулым годзе.

Беларускае Радыё Рацыя.