20 траўня ў Варшаве пройдзе вечар памяці Вітольда Ашурка



Два гады таму ў шклоўскай калоніі загінуў сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Пра трагедыю родным паведамілі 21 траўня 2021 года. Сваякам сказалі, што прычына смерці — спыненне сэрца, хоць да турмы  палітвязень на здароўе не скардзіўся. Апошнія дні перад смерцю ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары, умовы ўтрымання ў якіх праваабаронцы параўноўваюць з  катаваннямі. Вітольд Ашурак быў асуджаны да пяці гадоў зняволення за ўдзел у пратэстах жніўня 2020 года за гвалт над міліцыянтамі ў часе пратэстаў. Сяброўскае пасведчанне сябры БНФ суд прыняў як доказ віны па справе пастанавіў знішчыць.

З нагоды гадавіны трагедыі 20 траўня сябры і паплечнікі спадара Вітольда ладзяць у Варшаве (Польшча) вечар памяці Вітольда Ашурка. На сустрэчы будуць гаварыць пра Вітольда, якім яго памятаюць сябры і сваякі, паплечнікі па нацыянальна-вызвольным адраджэнскім руху, пагутараць пра прынцыпы ягонага жыцця. Таксама гасцей чакае музычная частка. 

Вечар памяці пройдзе 20 траўня, пачатак а 18:30. 

Месца: Варшава, вуліца Крыніцна, 6 (ul. Kryniczna 6), Беларускі дом.

На наступны дзень, 21 траўня, аб 11:30 у варшаўскім касцёле св. Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў у ніжнім храме пройдзе Святая Імша ў інтэнцыі Вітольда Ашурка ў гадавіну яго смерці і за ўсіх загінулых палітвязняў. 

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідскага раёну. Быў сябрам Сойму Партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэнне экалагічных праблемы рэгіёну, займаўся ўшанаваннем памяці паўстанцаў 1863 году, не раз ад Партыі БНФ вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты.

Праваабарончая супольнасць Беларусі абвясціла 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Мерапрыемствы да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі апроч польскай сталіцы пройдуць у розных краінах і гарадах, у тым ліку ў Вільні, Беластоку, Вроцлаве, Познані, Празе, Антверпене, Стакгольме, Батумі, Лондане, Штутгарце, Рыме, Фларэнцыі, Чыкага, Дэтройце, Нью-Ёрку, Парыжы ды іншых месцах. 

Прэс-служба Партыі БНФ