Алесь Кіркевіч: Мы рыхтуем на бліжэйшыя выходныя тэатралізаваную экскурсію



Адзін з заснавальнікаў гістарычнага бара Beer&History, актывіст Алесь Кіркевіч распавёў Радыё Рацыя, што на бліжэйшыя выходныя рыхтуецца тэатралізаваная экскурсія па Беластоку сямнаццатага стагоддзя.

Падчас вандроўкі па горадзе ўдзельнікі даведаюцца аб побыце магнатаў. Як адзначыў Алесь Кіркевіч, гэта новы фармат экскурсій, якія ўжо амаль год ладзяцца ў Беластоку.

У нас ёсць розныя маршруты, гэта фактычна два аглядныя маршруты, калі ты проста знаёмішся з горадам. Яны па розных маршрутах пралягаюць. І ёсць некалькі тэматычных маршрутаў. Гэта Беласток Весялоўскіх і Браніцкіх, гэта больш магнацкая старажытная гісторыя. Мы рыхтуем на бліжэйшыя выходныя такую тэатралізаваную экскурсію. То бок, чалавек будзе ў магнацкім строі ХVII стагоддзя. І паспрабуем такі фармат, каб проста было цікавей. З ім можна сфатаграфавацца. Яго можна будзе як у тэатры паслухаць, паглядзець і атрымаць задавальненне.

Вандроўкі па горадзе прысвечаны розным гістарычным эпохам. Наведвальнікам распавядаюць аб беластоцкім гета, унікальнасці ратушы і рынкавай плошчы, тытунёвай фабрыцы Яноўскага ды іншых цікавых звестках.

Беларускае Радыё Рацыя