Вайна ва Украіне: расейцы ізноў кажуць, што захапілі Бахмут
Заснавальнік расейскай ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын ізноў заявіў пра ўзяцце Бахмута. Украінскія ўлады пакуль не каментавалі гэтай заявы.
Раней у Міністэрстве абароны Вялікабрытаніі заявілі, што за апошнія некалькі дзён камандаванне расейскіх войскаў з высокай доляй верагоднасці перакінула па меншай меры некалькі баявых падраздзяленняў на Бахмуцкі кірунак. Узяцце Бахмута, відавочна, па-ранейшаму ўяўляецца расейскаму камандаванню ключавой тактычнай задачай, бо гэта дазволіць Маскве «заявіць пра хоць нейкія поспехі» на фронце. Баі за горад ідуць ужо больш за дзевяць месяцаў – са жніўня мінулага года.
Нягледзячы на паступовае прасоўванне, цалкам узяць горад расейскім сілам увесь гэты час не ўдавалася, хоць гэтая бітва наносіла вялікія страты абодвум бакам.