Акцыя ў Варшаве з нагоды Дня палітвязняў у Беларусі
У Варшаве сёння адзначаюць Дзень Палітвязня. Спачатку беларусы сустрэліся ля „Моладзевага Хабу”, дзе выступілі палітычныя і грамадскія дзеячы. Пасля адбылося шэсце да традыцыйнага месца правядзення акцый – помніку Мікалаю Каперніку. Там таксама ўзялі слова прадстаўнікі дэмакратычных сіл краіны.
“І ля хабу, і ля помніку, і пазней у беларусаў была, ёсць і будзе магчымасць даслаць сваю падтрымку тым, хто за кратамі”, – распавядае мадэратар ініцыятывы “Напішы ліст палітвязню” Алёна Панамарова:
– Сёння ўсе ініцыятывы, якія датычныя да напісання лістоў, арганізоўваюць напісанне лістоў. Гэта абсалютна натуральна, сёння Дзень палітвязня. І хаця б сёння хочацца заахвоціць людзей напісаць ліст. Прапаную людзям, напрыклад, узгадаць сваіх нейкіх знаёмых або проста выбраць са спіса палітвязня. У нас там падпісаныя канверты ёсць. Сёння і “Павіншуй палітвязня” будзе і пад жырандоляй будзе таксама напісанне лістоў, і таксама можна будзе на Каперніка перадаць арганізатаркам. У іх ёсць такія магчымасці перадаваць лісты праз Беласток там, праз Беларусь. Гэта невялікая колькасць, але таксама ёсць.
Увечары беларусаў Варшавы таксама чакае вялікая праграма. Так, у Беларускім Доме адбудзецца цырымонія ўручэння медалёў Ордэну Пагоні – узнагароды Рады БНР. А ў Музеі Вольнай беларусі пройдзе прэзентацыя праектаў дапамогі палітвязням „Праваабарона 2.0” ад Дысідэнт.бай.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
***
У Варшаве адбылася акцыя з нагоды Дня палітвязняў у Беларусі. Яна сабрала шмат вядомых палітыкаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў, беларусаў з розных рэгіёнаў. Спярша адбыўся мітынг, а потым яго ўдзельнікі рушылі шэсцем па Варшаве.
На вулцы Новы свят. Калона ідзе на Кракаўскае прадмесце да помніка Каперніку.
Беларускае Радыё Рацыя