Зноў судзяць незалежных журналістаў



За супрацу з “Белсатам” журналістаў будуць судзіць і на Меншчыне. Міліцыя завяла адміністрацыйную справу супраць аператара тэлеканала Сяргея Краўчука, які здымаў грамадскія слуханні ў Фаніпалі.

Слуханні тычыліся забудовы ў невялікім горадзе, але выклікалі вострую рэакцыю на сюжэт незалежных журналістаў.

– 11 красавіка здымалі сюжэт “Грамадскае абмеркаванне забудовы ў Фаніпалі”. У пятніцу ўвечары прыйшлі да мяне міліцыянты з панятымі і ўручылі позву. Склалі пратакол. Я адмовіўся даваць паказанні. Сказалі, каб чакаў позву ў суд.

Адміністрацыйны пераслед журналістаў за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі стаў сапраўдным бічом уладаў. Толькі сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 раз прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле ўжо перасягнула 60 мільёнаў рублёў.

Пасля поўдня  ў Берасці за працу без акрэдытацыі будуць судзіць незалежную журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну.

Беларускае Радыё Рацыя