Менскае „Дынама” выйграла трэці матч запар у чэмпіянаце Беларусі
Менскае „Дынама” святкавала трэцюю перамогу запар у матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі. У хатнім матчы 9-га тура падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі перайгралі сталічны „Энергетык-БДУ” з лікам 2:0. На 56-й хвіліне лік адкрыў Душан Бакіч, а потым лепшы бамбардзір чэмпіянату Уладзіслаў Марозаў забіў свой восьмы гол у сезоне. У самым выніковым паядынку гульнявога дня футбалісты берасцейскага „Дынама” на хатняй арэне згулялі ўнічыю з „Гомелем” – 3:3. Па ходу сустрэчы гамяльчане вялі 2:0, потым пасля хет-трыка Міхаіла Гардзейчука гаспадары выйшлі наперад, а ў сярэдзіне другога тайма Юрый Лавец зраўняў лік. Салігорскі „Шахцёр” упэўнена перайграў на выездзе футбалістаў „Смаргоні” – 3:1. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў Ягор Карпіцкі, у актыве якога стала 7 забітых мячоў.БАТЭ не ўтрымаў перамогу над „Іслаччу”. Гуляючы ў Маладзечне, барысаўчане выйшлі наперад у пачатку другога тайма пасля ўдару Валерыя Грамыкі. Перавага гасцей трымалася амаль да фінальнага свістка, але на 4-й кампенсаванай хвіліне сустрэчы Марцін Арцюх параўняў лік – 1:1. Жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” разграміла на сваёй арэне наваполацкі „Нафтан” – 5:0. Гарадзенскі „Нёман” здабыў шостую перамогу запар, выйграўшы ў Бабруйску ў мясцовай „Белшыны” – 2:0, а „Славія” адолела ў Мазыры футбалістаў „Слуцка” – 1:0.
Беларус прывёў «Арыс» да залатых медалёў чэмпіянату Кіпра
«Арыс» з Лімасола стаў чэмпіёнам Кіпра па футболе. Яго галоўным трэнерам з’яўляецца беларус Аляксей Шпілеўскі. Асноўны канкурэнт «Арыса», клуб «АПАЭЛ» прайграў у гасцях «Апалону» з лікам 2:3, і ўжо не дагоніць «Арыс». У чэмпіянаце Кіпра засталося згуляць адзін тур. «Арыс» упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Кіпра. Клуб купіў у 2021 годзе беларускі бізнэсовец Уладзімір Фёдараў, які запрасіў у лютым 2022 года Аляксея Шпілеўскага. У першы сезон «Арыс» пад кіраўніцтвам Шпілеўскага заняў 4-е месца, а напярэдадні заваяваў залатыя медалі. За клуб гуляюць двое беларусаў: Яўген Яблонскі і Арцём Шуманскі.
Аляксей Шпілеўскі ў свой час трэніраваў берасцейскае «Дынама», казахстанскі «Кайрат», які прывёў да чэмпіёнства ў 2020 годзе, некалькі месяцаў трэніраваў клуб нямецкага другога дывізіёна «Эрцгэбірге».
Дортмундская „Барусія” разграміла „Аўгсбург” на шляху да чэмпіёнства
У 33 туры нямецкай Бундэслігі дортмундская „Барусія” скарысталася паразай „Баварыі” і выйграла ў гасцях у „Аўгсбурга” з лікам 3:0.
Гэтая вікторыя можа стаць вызначальнай у змаганні за чэмпіёнства. У „чмялёў” у актыве 70 ачкоў, у „Баварыі” 68. У заключным туры „Барусія” прыме „Майнц”, а мюнхенцы ў гасцях згуляюць супраць „Кёльна”. У іншым матчы „Штутгарт” разграміў „Майнц” з лікам 4:1, што дапамагло падняцца з зоны вылету. „Напалі” перамог „Інтэр” у матчы 36-га тура чэмпіянату Італіі — 3:1. „Лацыё”, які абыграў у гасцях «Удзінэзэ» 1:0 з 68 ачкамі абышоў „Інтэр” у табліцы і займае трэцяе месца.
Гандбалісткі „Гомеля” шосты раз сталі чэмпіёнкамі Беларусі
Гандбалісткі „Гомеля” другі раз запар і шосты ў гісторыі сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У другім паядынку за залатыя медалі гамяльчанкі перамаглі на хатняй арэне спартовак „БНТУ-БелАЗа” 40:32. У першай гульні, якая адбылася тыдзень таму ў менскім Доме гандбола, „Гомель” выйграў з лікам 34:30. Уладальніцамі бронзавых узнагарод сталі гандбалісткі „Гараднічанкі”, якія ў Гародні абыгралі „Вікторыю-Бярэсце” – 32:24.
Беларускае Радыё Рацыя