Родным палітвязняў і загінулых беларусаў уручылі медалі Рады БНР
У Дзень беларускага палітвязня ў Беларускім доме ў Варшаве былі ўручаны Медалі Ордэну Пагоні ад Рады БНР родным палітвязняў і загінулых беларусаў ва Украіне і пад час паўстання 2020 года.
Узнагароды ўручаў шматгадовы радны Беларускай Народнай Рэспублікі Яўген Вапа:
– Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагароджвае медалём Пагоні тых, хто пакутуе і загінуў за ідэю. Нас паклікала гісторыя, як і айцоў заснавальнікаў БНР. За беларускую справу даводзіцца сядзець у турмах, за беларускую справу, на жаль, даводзіцца класці галовы. Гэта ахвяра гісторыі, якой не пазбег ніводны народ.
З 8 узнагарод былі атрыманы 7. Медалі пасмяротна атрымалі родныя Эдуарда Лобава, Мікіты Краўцова, Рамана Бандарэнкі. Атрыманы Медалі для Уладзіміра Гундара, Дзяніса Івашына, Паліны Шарэнды-Панасюк. Дар’я Чульцова сваю ўзнагароду атрымала сама. Медаль загінулага добраахвотніка Васіля Грудовіка будзе перададзены родным.
Беларускае Радыё Рацыя