Вольга Івашына: Гэта адзнака значнасці Дзянісавай працы на карысць Беларусі



У Дзень беларускага палітвязня ў Беларускім доме ў Варшаве ўручылі Медалі Ордэна Пагоні ад Рады БНР. Іх атрымалі родныя палітвязняў, а таксама родныя загінулых беларусаў ва Украіне падчас паслявыбарчых пратэстаў.

Сярод уганараваных гэтым Ордэнам таксама беларускі журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын. Мы паразмаўлялі з жонкай Дзяніса Вольгай Івашынай.

РР: Спадарыня Вольга, найперш хочацца пачуць падрабязнасці пра гэтую падзею.

Вольга Івашына: Мы сабраліся ў Беларускім доме. Нам спачатку распавялі пра гэтую ўзнагароду. Кім была распрацаваная, калі была прынятая, што абазначае. І пасля ўручылі ўсім, каму прызначылі. І Дзянісу таксама.

РР: Медаль Ордэну Пагоні — як ён выглядае. Як разумею, што Дзянісаву ўзнагароду вам уручалі.

Вольга Івашына: Гэта звычайны кругляш медаля. З аднаго боку надпіс «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць». А галоўны выгляд — гэта Пагоня. І выява, стылізаваная пад крыж. Я не асаблівы знаток геральдычных сімвалаў, каб дакладна распавесці, як выглядае.

РР: Як вы ўспрымаеце і трактуеце гэтую ўзнагароду? І ці магчыма Дзянісу неяк перадаць інфармацыю пра гэтую ўзнагароду?

Вольга Івашына: Гэта адзнака Дзяніса і адзнака значнасці яго працы на карысць Беларусі, на карысць вызвалення нашай краіны. Такое прызнанне ад Рады БНР, і спадзяюся, ад усяго беларускага народа. Пакуль Дзяніс пра гэта не ведае. Я нават не ўяўляю, як мы зможам гэта яму перадаць. Пастараемся.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.