Беларуская эканоміка адаптуецца да санкцый



Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі ў красавіку павялічыўся на 4% да аналагічнага месяца мінулага года і на 0,8-0,9% у адносінах да сакавіка гэтага года, што гаворыць пра адаптацыю эканомікі да санкцый. Такія дадзеныя прыводзіць даследчы цэнтр BEROC у апублікаваным экспрэс-аналізе нацыянальнай эканомікі. Разам з тым красавіцкі аб’ём ВУП усё яшчэ не дацягваў да сярэднямесячнага ўзроўню 2019 года.

Па дадзеных BEROC, найбольшы ўнёсак у рост ВУП у мінулым месяцы зрабіў гандаль – ён вырас на 15,5% у гадавым вымярэнні. Пры гэтым прыбаўку ў аптовым сегменце забяспечылі нарошчванне экспарту калію, транспартных сродкаў і, магчыма, дзеянні схем рээкспарту тавараў у Расію праз Беларусь. У сваю чаргу дынаміка прамысловай вытворчасці прытармазіла, падкрэсліваюць аналітыкі BEROC. У прыватнасці, эксперты фіксуюць зніжэнне выпуску нафтапрадуктаў у Гомельскай і Віцебскай абласцях.  Стрымлівае павелічэнне ВУП і слабасць IT-сектара. (polskieradio.pl)

Швейцарскі банк Julius Baer замарозіў інвестыцыйныя рахункі беларусам

Швейцарскі банк Julius Baer даслаў апавяшчэнні кліентам з Беларусі і Расіі, што іх інвестыцыйныя рахункі замарожаныя. Пра гэта паведамляе Forbes, у распараджэнні якога ліст з банку. Рахункі беларусаў і расіян будуць ізаляваныя ад іншых актываў, а аперацыі ў іх замарожаныя. Прычынай сталі патрабаванні міжнароднага дэпазітару Euroclear.

У лісце ўдакладнілі, што продаж каштоўных папер, якія захоўваюцца ў Euroclear, часова прыпынены, а набыць новыя немагчыма. Грошы ад продажу акцый і аблігацый, купонныя і дывідэндавыя выплаты будуць захоўвацца на асобных рахунках. Прычым доступ да гэтых рахункаў абмежаваны, і кліенты не могуць імі распараджацца. Пры гэтым каштоўныя паперы, якія захоўваюцца ў іншых дэпазітарах, пад гэтыя меры не падпадаюць.

Захады не закрануць беларусаў і расіян, якія маюць грамадзянства дзяржаў Еўразвяза, Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Швейцарыі. Гэта ж датычыцца ўладальнікаў пастаяннага або часовага дазволу на жыхарства ў названых краінах. (svaboda.org)

Чалавецтва збярэ рэкордны ўраджай збожжа ў гісторыі

Міжнародная рада па збожжы прагназуе рост вытворчасці збожжавых у свеце сёлета, а ў наступным годзе — самую высокую вытворчасць збожжа ў гісторыі. Так, на наступны сезон 2023/24 прагноз вырас на 3 млн — да 2 млрд 294 млн тон — гэта павінна стаць гістарычным рэкордам. У выніку змены тэндэнцый папярэдняга сезона чакаецца, што ўраджай кукурузы і сорга будзе большы, а ўраджай пшаніцы і ячменю можа знізіцца. Гэты прагноз датычыць такіх краін, як ЗША, Украіна, Расія, Казахстан, Канада, Бразілія, Аўстралія, Аргенціна, а таксама краін Еўразвяза.

Нягледзячы на запланаваны рэкордны ўраджай, росту запасаў не чакаецца, і гэта звязана з больш высокім спажываннем. Паводле ацэнак экспертаў, сёлета патрэбы спажыўцоў на 10 млн тон перавысяць вытворчасць. Паўстане дэфіцыт, што можа прывесці да росту цэн — асабліва на пшаніцу.

(паводле nashaniva.com)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: dzyannica.by.