Агляд прэсы: як у даўно забытыя часы



У Нямеччыне радыя памілаванню Пратасевіча. Украіна: якое значэнне Бахмута ў гэтай вайне? У Румыніі настаўнікі страйкуюць і патрабуюць годных заробкаў. Разбуральныя паводкі ў Італіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пасля затрымання Рамана Пратасевіча ў маі 2021 года міністр харчавання і сельскай гаспадаркі ФРГ Джэм Аздземір стаў сімвалічным „хросным” палітвязня», – перадае нямецкае выданне Deutsche Welle.

«Я вельмі рады памілаванню Рамана Пратасевіча, які, мяркуючы па ўсім, апошнія два гады знаходзіўся пад вялікім ціскам з боку рэжыму ў Беларусі”, – пракаментаваў Джэм Аздэмір праваабарончай арганізацыі Libereco навіну аб тым, што Пратасевіч памілаваны рашэннем Лукашэнкі. Ён нагадаў, што ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзяцца яшчэ 1500 палітвязняў, сярод якіх – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. «Усіх іх трэба вызваліць неадкладна і безумоўна – і без неабходнасці звяртацца па памілаванне да дыктатара Лукашэнкі. Палітычны пераслед дысідэнтаў у Беларусі павінен нарэшце спыніцца», – лічыць міністр. У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou ад Libereco больш за 360 парламентарыяў з двух дзясяткаў еўрапейскіх краін сталі «хроснымі» палітвязняў у Беларусі», – перадае нямецкае выданне.

У гэтыя выхадныя кіраўнік расейскай ПВК Вагнер Прыгожын каторы раз аб’явіў аб тым, што яго баевікі захапілі Бахмут – невялікі горад, за які вось ужо дзевяць месяцаў вядуцца кровапралітныя баі. Аднак ці адпавядаюць словы Прыгожына рэчаіснасці, пакуль не зразумела. Украіна абвергла яго заявы. У панядзелак Кіеў заявіў, што на лініі фронту ў Бахмуце вядуцца баявыя дзеянні. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі з нагоды таго, што адбываецца вакол Бахмута. Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung знаходзіцца ў разгубленасці перад тварам неверагоднай жорсткасці баёў за Бахмут.

«Бітва за Бахмут – гэта бітва, якая, як здавалася, ужо не можа мець месца ў наш час. Расейскія пяхотнікі ішлі са сваіх акопаў так званымі «чалавечымі хвалямі» прама на смерць – пакуль ім не атрымалася здушыць супраціў абаронцаў. Такая тактыка вядзення вайны, пры якой надыходзячы бок часам губляе многія сотні салдат штодня, на думку многіх экспертаў, павінна была б застацца ў далёкім мінулым. Аднак эксперты памыляліся. У XXI стагоддзі вайна гэтак жа жахлівая і агідная, як і ў часы да гэтага. Расея дасягнула мэты і захапіла Бахмут, выяўляючы непахісную жорсткасць. Для Кіева гэта – цяжкі ўдар», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

У панядзелак румынскія настаўнікі аб’явілі бестэрміновую забастоўку, з патрабаваннем павысіць зарплаты педагогам і фінансаванне сферы адукацыі ў цэлым. На старце сваёй кар’еры ў дзяржаўнай школе настаўнік атрымлівае каля 480 еўра за месяц. Аглядальнікі падтрымліваюць пратэстоўцаў. У артыкуле румынскае выданне republica.ro піша пра тое, якую ролю ва ўсім гэтым гуляе карупцыя.

«Былі б грошы, даўно б ужо паднялі заробак! Улічваючы карупцыю і марнатраўства, нашаму палітычнаму класу цяжка выконваць такую сацыяльную дамову. Акрамя таго, цэлыя сферы эканомікі, якія працуюць у «шэрай» зоне ці ўвогуле ў нелегальным рэжыме, атрымліваюць неабгрунтаваныя скідкі і падарункі проста таму, што ў іх ёсць адпаведныя сувязі з палітыкамі. Так што балбатня пра «дадатковыя выдаткі» б’е па тых, хто сумленны з дзяржавай, але трапляе ў нядобрасумленную канкурэнцыю з тымі, хто бяспакарана махлюе або выкарыстоўвае свае сувязі. І як, пытаецца, у такой сітуацыі думаць аб павышэнні падаткаў?», – задаецца рытарычным пытаннем румынскае выданне.

У рэгіёне Эмілія-Раманья на поўначы Італіі моцныя дажджы прывялі да паводак. У выніку загінулі сама меней 14 чалавек, ёсць значныя разбурэнні. Тысячы людзей прыйшлося эвакуіраваць, палі і вуліцы затоплены і заблакаваны. Як зазначае прэса, галоўным тут з’яўляецца антрапагенны фактар. На думку нямецкай газета Süddeutsche Zeitung, усё, што адбываецца – справа рук чалавечых.

«Гэты рэгіён лічыцца самым забетанаваным у Італіі, не лічачы, вядома, сталіцы – Рыма. Усё гэта – наступствы цывілізацыі, якія знаёмыя нам і ў Нямеччыне: будаўнічыя працы праводзяцца любым коштам, «запячатванне» глебаў адбываецца ў велізарных маштабах, рэкі заганяюцца ў вузкія рэчышчы – ніяк не ўлічваючы запатрабаванні прыроды. Гэтая праблематыка вядомая з даўніх часоў, у Італіі таксама даўно ўжо гавораць аб тым, што папярэджанне стыхійных бедстваў павінна ажыццяўляцца пры дапамозе прыроды, а не насуперак ёй. Для рэгіёну Эмілія-Раманья распрацаваны адпаведныя праграмы коштам на мільярды долараў, аднак у сілу спрэчак паміж палітычнымі лагерамі ў жыццё яны не ператвараюцца. А зараз здарылася катастрофа – і ўсё схапіліся за галаву!», – падсумоўвае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя