Складскія запасы ў Беларусі працягваюць рост



Запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці Беларусі на 1 мая, паводле звестак Белстату, дасягнулі 9,2 млрд рублёў супраць 7,4 млрд рублёў годам раней. У вартасным выражэнні прырост запасаў склаў 24%. У сярэднім па краіне складскіх запасаў хапае на тры тыдні вытворчасці. Але, на складах Гарадзеншчыны і Менску ляжыць месячны абʼём вытворчасці, на Берасцейшчыне і таго больш – складскія запасы складаюць 113%.

“Любы запас – гэта застылыя грошы, якія яшчэ трэба атрымаць, рэалізаваўшы тавар. Тут важная дынаміка гэтага паказчыка: яна кажа пра тое, што запасы растуць у большасці абласцей, а значыць, з продажам надалей усё не вельмі добра”, – адзначаюць аўтары праекту “Нашы грошы”.

Эксперты тлумачаць рост запасаў пагаршэннем кан’юнктуры на ключавым рынку збыту – у Расеі.

На Магілёўшчыне выявілі падпольны мясакамбінат

Падпольны мясакамбінат ліквідавала міліцыя ў Магілёўскім раёне. Як паведамляюць у МУС, 38-гадовы прадпрымальнік пераабсталяваў у цэх па перапрацоўцы мяса свой прыватны дом. Жывёлу мужчына купляў за наяўныя грошы ў тых, хто займаецца яе скупкай у сельгасарганізацыях Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама ў фізічных асоб. У сябе ў падпольным цэху ён разбіраў, замарожваў і захоўваў тушы. Прадукцыю бізнесмен збываў у Беларусі і Расеі, піша “Наша Ніва”.

У будынку, якія не адпавядаў ніякім санітарна-эпідэміялагічным нормам, знайшлі фасаваную ў блокі па 12-20 кілаграмаў ялавічыну агульнай вагой звыш 16,5 тоны і больш за тысячу банак тушонкі. Ветэрынарных дакументаў на ўсю гэтую прадукцыю не было. Па фактах парушэння ветэрынарных нормаў і падатковага заканадаўства праводзіцца праверка.

Абвастрыліся пазыковыя праблемы віцебскіх лясгасаў

З года ў год з неплацяжамі за пастаўленую прадукцыю сутыкаюцца лясныя гаспадаркі ўсёй краіны. Не выключэнне – Віцебшчына. Чатыры лясгасы – Дзісненскі, Суражскі, Аршанскі і Шумілінскі – не разлічыліся з бюджэтам у тэрмін на суму каля 290 тыс. руб. У Віцебскім лясгасе выяўлена нястача драўніны ў аб’ёме 430 кубаметраў. Тысячы кубаметраў лесапрадукцыі Гарадоцкі лясгас цэлы год не прыбіраў з лесасекі. Парушэнні ў Багушэўскім лясгасе прывялі да недаплачвання ў бюджэт больш як 180 тыс. рублёў.

Праз санкцыі і цяжкасці з разлікамі, пазыковыя праблемы віцебскіх лясгасаў толькі абвастраюцца. Таксама лясгасы не могуць разлічыцца ў тэрмін праз хранічную дэбіторскую запазычанасць, якая ўзнікае пры супрацоўніцтве з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, піша Беларуская служба Польскага радыё.

За 5,1 мільёна даляраў прадалі гадзіннік апошняга імператара Кітая

Наручны гадзіннік Patek Philippe апошняга імператар Кітая Пу І (1906–1967) прадалі на аўкцыёне ў Ганконгу прыкладна за $5,1 млн. Гаворка ідзе пра гадзіннік Reference 96 Quantieme Lune, якому 86 гадоў, піша Office Life.

Гадзіннік набыў ананімны калекцыянер. На аўкцыёне таксама прадалі веер, запісную кніжку імператара і малюнкі аднаго з яго сваякоў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: novychas.online.