Незаменны “Елбасы”
Прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў перамог на нядзельных выбарах кіраўніка дзяржавы і амаль ста працэнтамі галасоў пераабраны на 5-ы тэрмін. Як звычайна, міжнародныя назіральнікі прызналі выбарчы працэс непрымальным, затое назіральная місія ад СНД не ўбачыла ў выбарах нічога заганнага.
97,7 % галасоў на выбарах не бывае ў ніводнай, дэмакратычнай краіне свету. Таксама ўдзел у выбарах 95% выбаршчыкаў гучыць неверагодна. Самых хворых, недалужных, інвалідаў, якія пры ўсім жаданні не ўдзельнічаюць у выбарах у любой краіне, болей чым 5%. Да гэтага трэба далічыць тых, каму перастаў падабацца прэзідэнт, які кіруе краінай дэ-факта 30 гадоў. Яшчэ пры Гарбачове ён быў прэм’ерам Казахстану, затым 1-м сакратаром Казахскай кампартыі, потым спікерам парламенту і з красавіка 90-га году да сённяшняга дня нязменным прэзідэнтам Казахстану. На кожным чарговых выбарах ён набіраў больш як 90% галасоў. Толькі адзін раз, у 99-м годзе, ён набраў усяго 81% галасоў, а яго галоўны канкурэнт – амаль 12%. На брыфінгу для прэсы 27 красавіка Назабаеў пажартаваў, што “хоча папрасіць прабачэння ў назіральнікаў, заканадаўцаў, дэпутатаў з многіх краін» за тое, што вынікі выбараў могуць быць «непрымальныя для супердэмакратычных краін». Аднак ён дадаў, што «нічога не можа зрабіць», бо яму нельга ўмешвацца ў працу выбарчай камісіі, а казахі «прадэманстравалі ўсяму свету, што палітычная культура Казахстану — гэта адзінства і адказнасць».
Трэба прызнаць, што Назарбаеў – супярэчлівая фігура. Яго прыхільнікі падкрэсліваюць вялікі ўклад дзейнага прэзідэнта ў развіццё эканомікі, палітычную стабільнасць і сацыяльную справядлівасць. Ён дабараахвотна пазбыўся з краіны ядзернага арсеналу. Назарабаеў праводзіць палітыку мірнага суіснавання розных нацыянальных і этнічных груп і хоча ператварыць гэтую сыравінную, былую савецкую рэспубліку ў развітую, заможную краіну. Нават у дачыненні да Расеі ён праводзіць дастаткова самастойную палітыку, хаця і далучыў Казахстан да Еўразійскага эканамічнага саюзу. Затое ён адкрыта не стаў на баку Расеі ў пытанні Крыму і Украіны і пакрыўдзіўся на Пуціна калі той заявіў, што “Казахстан – краіна без дзяржаўнасці”. У свой час, сустракаючыся з прэм’ерам Вялікай Брытаніі Кэмэранам, Назарбаеў заявіў, што “жыхары вашай выспы моцна памыляюцца, калі лічаць, што постсавецкая прастора застыла ў сярэднявеччы і тут надалей ездзяць на вярблюдах і конях”. Аб цывілізацыйным скачку сведчыць выгляд новай сталіцы Астаны, якая не саступае заходнееўрапейскім сталіцам. Аднак праціўнікі Назарбаева абвінавачваюць яго ў аўтарытарным кіраванні і маргіналізацыі апазіцыі. Ён гэтак як і Аляксандр Лукашэнка стварыў у краіне такія ўмовы, што яму проста няма альтэрнатывы.
Вось на гэтую акалічнасць і звярнулі ўвагу назіральнікі ад АБСЕ. Па словах кіраўнічкі місіі АБСЕ Карнэліі Ёнкэр, на выбарах не хапала “вартай даверу апазіцыі”. Выбаршчыкі мелі невялікі выбар з прычыны абмежаванняў на свабоду выказвання і агітацыі і адсутнасць рэальнай апазіцыі. Яго партыя “Нур Отан” кантралюе ўсе сферы жыцця краіны, як у свой час кампартыя ў савецкім Саюзе. У 2010 годзе парламент прысвоіў яму званне “Елбасы”, гэтак значыць “лідар нацыі”. Хаця яму хутка споўніцца 75 гадоў, аднак ён вядзе здаровы лад жыцця і смела пацягне яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін. У якасці першых яго павіншавалі з выбарчай перамогай прэзідэнты Расеі і Таджыкістану. Шчыра кажучы, абранне Назарбаева на 5-ы прэзідэнцкі тэрмін насцярожвае, але магчыма для краіны гэта няблага. Казахі жывуць з году у год лепей і ў іх няма падставы для бурных пратэстаў супраць пажыццёвага прэзідэнта. Мабыць ён падпадае пад катэгорыю “меншага зла”.