Грузія: „Для тех – кто (не) дома” – псіхалагічная дапамога для беларусаў
Беларускія псіхолагі, што жывуць у Грузіі, арганізавалі праект „Для тех – кто (не) дома”. Праект „Для тых – хто (не) дома” – гэта валанцёрская ініцыятыва псіхолагаў, якія хочуць падтрымаць беларусаў на эміграцыі.
Пра падрабязнасці праекта распавядае адна з арганізатарак:
– Гэты праект разлічаны на беларусаў, якія знаходзяцца ў Грузіі. У эміграцыі не заўсёды лёгка, частка жыцця застаецца ў Беларусі – сябры, праца, звыклы ўклад жыцця. Трэба адаптавацца да новых умоваў. Мы заўважылі, што не заўсёды ёсць магчымасць пра гэта казаць на розных сустрэчах беларусаў. Ты знаёмішся з новымі людзьмі і не заўсёды ёсць магчымасць абмеркаваць цяжкасці, што адбываецца ў тваім жыцці.
Па яе словах, праект будзе адбывацца ў выглядзе адмысловых сустрэч па розных тэмах:
– Устойлівасць, пошук рэсурсаў, сацыяльная адаптацыя, наступствы гвалту ды іншае. Хочам, каб у кожнага беларуса была магчымасць выбраць тую тэму, якая яму цікавая і патрэбная. Падчас сустрэчы будзе магчымасць абмеркаваць, што і каго непакоіць, атрымаць падтрымку ад іншых беларусаў.
Таксама для таго, каб ведаць прыкладную тэматыку і мэтавую групу псіхолагі просяць адказаць на пытанні праз адмысловую форму, якая распаўсюджваецца праз беларускія чаты ў Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя