У Варшаве ў Прэзідэнцкім палацы прайшла сустрэча ў справе беларускамоўных школ у Польшчы



У чацвер у Варшаве па ініцыятыве канцылярыі прэзідэнта Польшчы адбылася сустрэча, прысвечаная функцыянаванню беларускіх школ у Польшчы. У сустрэчы з кіраўніком Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы міністрам Гражынай Ігначак-Бандых і міністрам Войцехам Каларскім удзельнічалі дырэктар Другога агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім з беларускай мовай навучання Андрэй Сцепанюк, дырэктар ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Ігар Лукашук, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа і прадстаўнік Цэнтра беларускай культуры Анатоль Вап.

Сустрэча была канструктыўнай – кажа Яўген Вапа:

– Размовы пра юрыдычную сітуацыю, звязаную з двума ліцэямі і  інтэрпрэтацыі законаў Кураторыя і Міністэрства адукацыі і навукі наконт абавязковага навучання ўсімі вучнямі гэтых ліцэяў беларускай мове і таксама здаванне экзаменаў на атэстат сталасці  – гэта ўсё тлумачылі менавіта дырэктар Сцепанюк з Бельскага белліцэя і дырэктар Ігар Лукашук з Гайнаўскага белліцэя.

 «Мы з Анатолем Вапам як прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы распавялі пра атмасферу, якая склалася ў сувязі з гэтай сітуацыяй», – дадае Яўген Вапа:

 Гаварылі пра тое, што гэта выклікае таксама вялікую занепакоенасць усёй нашай нацыянальнай меншасці, і  лічым таксама, і дырэктары, што варта вярнуцца і трымацца старой традыцыі, якая абавязвала столькі гадоў. Гэта справа інтэрпрэтацыі менавіта толькі юрыдычных законаў. Канцылярыя прэзідэнта паабяцала, што размовы па гэтай справе будзе весці з рознымі ўстановамі, звязанымі з асветай, у тым жа лікам самім жа міністэрствам.

Нагадаем, што на сайце petycjeonline.com надалей ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы, якую ўжо падпісалі амаль 1200 чалавек і 17 беларускіх арганізацый.

***

25 траўня ў Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве адбылася сустрэча, прысвечаная функцыянаванню беларускіх школ у Польшчы. Удзельнікам гэтай сустрэчы быў Госць Рацыі – дырэктар беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім Андрэй Сцепанюк. Пра сустрэчу ў Варшаве з ім размаўляе наш журналіст Міхал Андрасюк.

РР: Гэта была плённая сустрэча? Варта было ехаць у Варшаву?

Андрэй Сцепанюк: Па-першае, калі запрашаюць у такое месца ў Польшчы, у Прэзідэнцкі палац, калі хоча з намі размаўляць адна з важнейшых асобаў –  кіраўнік Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы міністр Гражына Ігначак-Бандых і таксама міністр Войцех Каларскі, нельга адмаўляць. Трэба адназначна сцвярджаць, што гэта вялікі гонар удзельнічаць у такой сустрэчы. Думаю, што яна была даволі доўгай і не ведаю, ці калі-небудзь у Польшчы пра беларускую асвету так размаўлялася.

РР: Якое ў вас уражанне, ці ведалі ў Прэзідэнцкім палацы, што існуюць такія ліцэі ў Польшчы, у Гайнаўцы, у Беластоку ды якія там праблемы?

Андрэй Сцепанюк: Што яны існуюць ведалі. На сустрэчы сам міністр Войцех Каларскі вельмі цёпла ўспамінаў візіт Прэзідэнта Анджэя Дуды ў Бельскі ліцэй. Гэта было не так даўно, два гады таму, калі Прэзідэнт наведваў беларускую меншасць, а гэтая сустрэча з прадстаўнікамі беларускай меншасці адбылася ў маім ліцэі. І пра гэта ў Прэзідэнцкім палацы памятаюць.

Але зразумела, што сустрэча галоўным чынам была звязаная з тым, што цяпер адбываецца ў школах, дзе выкладаецца беларуская мова. І мы паехалі туды, каб проста паказаць нейкае сваё стаўленне да гэтай праблемы. І трэба сказаць, што нас выслухалі. А якія будуць далейшыя зрухі з боку Канцылярыі Прэзідэнта – гэта ўжо не залежыць ад нас. Мы там зрабілі сваё, і трэба дзякаваць Канцылярыі, што захацела нас выслухаць пра праблемы беларускай адукацыі ў Польшчы.

РР: Яшчэ ўчора вечарам я чытаў адказ Кураторыі асветы падляшскай і гэты адказ, калі глядзець з нашага беларускага пункту гледжання, не надта аптымістычны. З таго, што піша Курыторыя асветы, можна зрабіць выснову, што ўсё нармальна. Чаго вы хочаце? Навучанне ж адбываецца і будзе, ніхто яго не забараняе. У чым праблема гэтай справы? Бо справа не ў тым, што забараняецца навучанне беларускай мове, але крок да ліквідацыі навучання, можна сказаць, зроблены.

Андрэй Сцепанюк: Учора былі дырэктары двух ліцэяў. Ліцэяў, якія маюць сваю вялікую традыцыю. Наш ліцэй паўстаў у 1944 годзе, Гайнаўскі ліцэй крыху маладзейшы. І праз тых 80 гадоў здавалася, што ўсім зразумела, што калі малады чалавек, яго бацькі вырашаюць, каб потым паступіць у гэты ліцэй, ён будзе праз чатыры гады вывучаць беларускую мову. Але юрыдычная інтэрпрэтацыя, якая з’явілася ў мінулым годзе, давяла да таго, што частка маладых людзей са згоды сваіх бацькоў пачала адыходзіць ад навучання беларускай мове. На нашую думку не супадае гэта з Уставам аб адукацыі. Якая ж гэта школа для нацыянальнай меншасці!? Калі не будзе выкладацца ў той жа школе мова меншасці? Тут ёсць пэўныя такія юрыдычныя непаразуменні. І мы хочам гэта ўсё высветліць і зрабіць гэта як найхутчэй.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя