Зборная Латвіі выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету ўпершыню ў гісторыі
Каманда трэнера Харыйса Вітоліньша на хатнім турніры перамагла зборную Швецыі 3:1 у чвэрцьфінальным матчы. Раней латвійская каманда пяць разоў удзельнічала ў чвэрцьфінальных гульнях на чэмпіянатах свету па хакеі, у якіх прайгравала. У паўфінале зборная Латвіі згуляе з камандай Канады, якая разграміла фінаў – 4:1.
Зборная ЗША выйшла ў паўфінал, усухую адолеўшы зборную Чэхіі 3:0.
Такім чынам, „зорна-паласатыя” святкавалі восьмую перамогу запар на турніры. Яшчэ ў адным чвэрцьфінале зборная Швейцарыі сенсацыйна саступіла зборнай Германіі 1:3.
„Далас” абыграў „Вегас” у чацвёртым матчы фіналу Заходняй канферэнцыі
„Далас” выйграў у „Вегаса” ў чацвёртым матчы фінальнай серыі Заходняй канферэнцыі — 3:2 у авертайме. Лік у серыі стаў 3-1 на карысць «Голдэн Най2». Пяты матч у серыі адбудзецца 28 траўня.
„Хершы” з Протасам зраўняў лік у серыі супраць „Рочастэра”
У паўфінальнай серыі чэмпіянату АХЛ „Хершы” на сваёй пляцоўцы перайграў „Рочастэр” з лікам 2:0. Беларускі форвард „Хершы” Аляксей Протас выніковых балаў не набраў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”. Пасля двух паядынкаў паўфінальнай серыі Кубка Колдэра (да чатырох перамог) „Хершы” зраўняў лік — 1-1.
ВРЗ сёмы раз запар прабіўся ў фінал чэмпіянату Беларусі
Гомельскі ВРЗ сёмы раз запар прабіўся ў фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку паўфінальнай стадыі гамяльчане абыгралі „Мінск” на сваёй пляцоўцы з лікам 6:3.
У другой паўфінальнай пары дзейныя чэмпіёны Беларусі – спартоўцы „Сталіцы” – тройчы запар перамаглі гомельскі БЧ. Такім чынам, другі раз запар і чацвёрты ў гісторыі ў серыі за залатыя медалі сустрэнуцца „Сталіца” і ВРЗ, прычым у трох папярэдніх нязменна перамагалі мінчане.
„Манчэстэр Юнайтэд” буйна абыграў „Чэлсі”, забяспечыўшы сабе пропуск у Лігу чэмпіёнаў
У прапушчаным матчы 32-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Манчэстэр Юнайтэд” буйна перамог „Чэлсі” з лікам 4:1. За «чырвоных д’яблаў» забівалі Каземіра, Марс’яль, Фернандэш і Рэшфард, у складзе «арыстакратаў» гол прэстыжу забіў Фелікс. Гэтая перамога дазволіла гаспадарам поля падняцца на трэці радок у турнірнай табліцы і забяспечыць сабе месца ў Лізе чэмпіёнаў.
Беларусы даведаліся сапернікаў на старце адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе
У Парыжы адбылося лёсаванне другога ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Францыі. У стартавым паядынку жаночага адзіночнага разраду другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка сустрэнецца з украінкай Мартай Касцюк. Экс – першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка згуляе з канадскай тэнісісткай Б’янкай Андрэеску. Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі Аляксандра Сасновіч і Ірына Шымановіч будуць супернічаць з пераможцамі кваліфікацыі. Супернікам адзінага прадстаўніка Беларусі ў мужчынскіх спаборніцтвах Іллі Івашкі будзе аўстраліец 19-я ракетка планеты Алекс Дэ Мінор. Матчы 126-га па ліку French Open пройдуць на грунтавых парыжскіх кортах „Ралан Гарос” з 28 траўня па 11 чэрвеня. Агульны прызавы фонд турніру складае 49 мільёнаў 600 тысяч еўра.
Беларускае Радыё Рацыя