42-гі Міжнародны фестываль „Гайнаўка 2023” запрашае на абвяшчэнне вынікаў і гала-канцэрт
У Беластоку прайшоў другі конкурсны дзень 42-га Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка 2023”.
У апошні момант да конкурсу паспеў далучыцца Камеральны Хор „Credo” з Украіны, які доўга не мог атрымаць дазвол на выезд з краіны, што змагаецца ў вайне з Расеяй.
Дырыжор хору Кацярына Такала падзякавала за мажлівасць выступу на фестывалі:
– Міністэрства, якое адказнае за рэлігію, якому мы падпарадкоўваемся, не дало нам спярша згоды на выезд. Паводле апошняга загаду прэзідэнта, выезд забаронены. Мы праз міністэрства культуры афармлялі права выезду на мужчынскую групу, бо мужчыны прызыўнога ўзросту не маюць права выязджаць, але мы напісалі просьбу, у якой адзначылі, што мы адказваем за вяртанне гэтых мужчын на тэрыторыю Украіны. Слава Богу, нам міністэрства дало дазвол, прычым на гэтым тыдні, таму мы вельмі ўсцешаныя, што прыехалі.
Адпаведна дырэктар фестывалю Мікалай Бушко падсумаваў конкурсны дзень і прэзентаваў праграму чарговага дня фестывалю:
– У кожнага свая праграма, у кожнага свая спецыфіка, я пад уражаннем. Упершыню на нашым фестывалі хорам дырыжыраваў мітрапаліт з Загорскай мітраполіі ў Балгарыі. Дарэчы, ён 20 гадоў быў у нас, як архімандрыт з хорам. Дуры пакажа вынікі сваёй працы. Пасля а 14-й мы паведамім вынікі, у 16-ць гадзін гала-канцэрт, на якім мы пакажам найлепшых.
Акрамя гэтага пад авацыі прайшоў канцэрт „Харавая музыка Казахстана”, на якім выступіў Хор „Астана-Опера” і прэзентаваў харавую спадчыну Казахстана. Гэты хор, як і астатнія канкурсанты, прымуць удзел у завяршальным гала-канцэрце, які пачнецца 28-га траўня а 16-й у будынку Падляшскай філармоніі. А 14-й журы фестывалю абвесціць вынікі. Уваход вольны.
Беларускае Радыё Рацыя