Батумі: сустрэча беларускіх і грузінскіх актывістаў з Мажэйкам
Беларуская пляцоўка для незалежных журналістаў у грузінскім Батумі пад назваю Media Hub стала тым месцам, дзе адбылася сустрэча беларускіх і грузінскіх актывістаў і журналістаў з палітолагам і аналітыкам Вадзімам Мажэйкам.
Вадзім Мажэйка распавядае пра спатканне з актывістамі:
– Самому таксама заўсёды было цікава паглыбіцца ў гісторыю, бо звычайна на каментары запрашаюць на гарачыя тэмы, а важна ў гісторыі пакапацца, і сапраўды зразумець, якімі крокамі склаўся той рэжым, які ёсць, і адпаведна чаго важна будзе пазбыцца ў будучыні, каб пры палітычных трансфармацыях гэтага не паўтарыць. Бо на жаль, аўтарытарныя рэжымы бывае што паўтараюцца, прыходзяць новыя, і будуюць тое самае, бо іншага не ўмеюць.
Пра сустрэчу кажа грузінскі актывіст Ніка Махарадзе:
– Я вельмі мала ведаў, адкуль усё гэта пачыналася. Што ўсё гэта пачалося не ў 2020 годзе, а ўсе выбары пасля першых выбараў, калі яго абралі. Гэта ня першы пратэст, не першая рэпрэсія. Я даведаўся пра гэта, і для мяне гэта стала вельмі важным.
Спатканне з Вадзімам Мажэйкам стала трэцяй сустрэчай у беларускім Media Hub у Батумі, на якіх беларускія актывісты сустракаюцца са сваімі грузінскімі калегамі і абмяркоўваюць адаптацыю ў Грузіі і беларускую палітычную сітуацыю.
Беларускае Радыё Рацыя