Агляд прэсы: не заўважыць галоўнага
Праз некалькі хвілін пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка «хутка трапіў у шпіталь». На мяжы Ірана і Афганістана пачаліся баі на фоне спрэчкі аб вадзе. Выбары ў Турцыі. Ці пераможа Эрдаган у другім туры? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Лукашэнка пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным быў дастаўлены ў маскоўскі шпіталь і знаходзіцца ў цяжкім стане. Пра гэта ў Twitter паведаміў экс-кандыдат у прэзідэнты краіны, былы амбасадар у ЗША апанент Лукашэнкі Валерый Цапкала. «Цапкала піша, што для ацэнкі стану Лукашэнкі накіраваны найлепшыя спэцыялісты, і ў цяперашні час ён застаецца пад медыцынскім наглядам», – паведаміла брытанская газета Mirror.
„Для ліквідацыі яго цяжкага стану прыцягнуты вядучыя спецыялісты. Былі праведзены працэдуры ачышчэння крыві, стан Лукашэнкі прызнаны нетранспартабельным. Зрэжысаваныя намаганні па выратаванні беларускага дыктатара мелі на мэце развеяць здагадкі пра нібыта датычнасць Крамля да яго атручвання. Гэта не першы раз, калі Лукашэнка дрэнна сябе адчувае. Аднак на гэтым тыдні 68-гадовы дыктатар паспрабаваў развеяць любыя чуткі, сказаўшы: «Я не збіраюся паміраць». Раней на гэтым тыдні Лукашэнка пацвердзіў, што Расея пачала перавозку тактычных ядзерных боегаловак для захоўвання ў Беларусь.
Урад ЗША лічыць, што ў Расеі ёсць каля 2000 адзінак тактычнай ядзернай зброі, у тым ліку бомбы, якія можна перавозіць самалётамі, боегалоўкі для ракет малой далёкасці і артылерыйскія снарады. Расея і Беларусь маюць саюзніцкую дамову, паводле якой Крэмль субсідуе беларускую эканоміку праз крэдыты і льготы на расейскую нафту і газ. Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю як плацдарм для ўварвання ў суседнюю Украіну і ўтрымлівае там кантынгент войскаў і ўзбраення», – канстатуе брытанскае выданне.
Талібы абвесцілі вайну Ірану. Ідуць баі на мяжы. Для Расеі новая маштабная вайна ў рэгіёне вельмі выгадна. З іншага боку агрэсія талібаў раней ці пазьней перакінецца на цэнтральна-азіяцкі рэгіён, што ўжо створыць небясьпеку самой Расеі. «Баявікі руху Талібан, які захапіў уладу ў Аўганістане, напалі на памежную частку Ірана, у выніку чаго загінулі двое іранскіх памежнікаў і адзін таліб. Непасрэдная прычына нападзення пакуль не зразумелая, але апошнім часам паміж дзвюма краінамі расце напружанасць з-за спрэчак аб пастаўках вады», – піша ўкраінскае выданне Unian.
«Іран абвінаваціў кіраўнікоў афганскіх талібаў у парушэнні дамовы 1973 года і абмежаванні патоку вады з ракі Гільменд у засушлівыя ўсходнія раёны Ірана. Талібы адпрэчылі гэтае абвінавачанне. Пасля захопу ўлады ісламістамі з руху Талібан у Аўганістане рэзка пагоршылася эканамічная сітуацыя. Адны жыхары краіны змушаныя даваць сваім дзецям седатыўныя прэпараты, каб прытупіць у іх голад, іншыя прадаюць уласных дачок ці свае органы, каб звесці канцы з канцамі. У той жа час талібы ўводзяць жорсткія рэлігійныя забароны , якія толькі пагаршаюць эканамічныя цяжкасці. Так, талібы забаранілі няўрадавым арганізацыям Афганістана прымаць на працу жанчын. Забарона нібыта звязана з тым, што некаторыя жанчыны-супрацоўніцы такіх арганізацый няправільна носяць хіджабы», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Выбары прэзідэнта Турцыі выйшлі на фінішную прамую: 28 мая дзейны кіраўнік дзяржавы Эрдаган сустрэўся са сваім сапернікам Кылычдараглу ў другім туры. Барацьба за кожны голас працягваецца. «Хто ж пераможа ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзяць у Турцыі?», – сочыць за сітуацыя нямецкае выданне Deutsche Welle.
«У першым туры галасавання ніводны з кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў. Рэджэп Таіп Эрдаган кіруе краінай ужо 20 гадоў. Спачатку ў якасці прэм’ер-міністра – гэтую пасаду ён заняў у 2003 годзе, а з 2014 года – прэзідэнта. Да яго ніводны палітык не ўплываў на Турцыю так моцна, як ён. З 1994 па 1998 год Эрдаган быў мэрам шматмільённага мегаполіса Стамбула. У 1999 годзе быў прыгавораны да чатырохмесячнага пазбаўлення волі за распальванне рэлігійнай нянавісці. У 2001 годзе ў Турцыі выліўся буйны эканамічны і палітычны крызіс. Эрдаган заснаваў сваю ісламска-кансерватыўную „Партыю справядлівасці і развіцця” (ПСР). Усяго праз год яна дамаглася абсалютнай большасці на сваіх першых парламенцкіх выбарах, атрымаўшы 363 месцы з 550. З тых часоў Эрдаган не прайграў ніводных выбараў. З кожнай перамогай ён умацоўваў сваю ўладу. У сёлетняй выбарчай кампаніі Эрдаган засяродзіўся на рэлігійных пытаннях. Праблема гвалту ў адносінах да жанчын і ЛГБТ-супольнасці таксама займала бачнае месца, паколькі саюзнікі Эрдагана заклікаюць да адмены законаў, якія абараняюць гэтыя сацыяльныя групы. Да гэтага часу ні адна палітычная сіла ў Турцыі не выйграла выбары ў Эрдагана. Калі Кылычдараглу пераможа, то ўвойдзе ў гісторыю», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Уключэнне аднаполых партнёрстваў у паняцце «шлюб» у Эстоніі ўжо было часткай кааліцыйных перамоваў паміж Партыяй рэформаў Каі Калас, якая перамагла на выбарах, сацыял-дэмакратамі і цэнтрысцкай партыяй «Эстонія 200». Новы ўрад унёс у парламент адпаведную прапанову, дзе яна зараз вельмі бурна абмяркоўваецца. Мясцовая прэса таксама не засталася ў баку ад дэбатаў. Эстонская газета Postimees абвяргае абвінавачванні ў гамафобіі, якія высоўваюцца ў яе адрас з-за сцвярджэнняў, што, маўляў, аднаполыя шлюбы з’яўляюцца шчылінай для палігаміі і іншых змен устойлівых сацыяльных структур.
«Як толькі аднаполыя шлюбы будуць легалізаваныя, не застанецца больш прычын, па якіх такі саюз абмяжоўваўся б толькі двума партнёрамі. Па-першае, будзе ўзаконена сітуацыя, пры якой у дзіцяці будзе больш за двух законных бацькоў, а адтуль і да палігамнага шлюбу рукой падаць. Мужчына транссэксуал, які ўваходзіць у жаночую раздзявалку ўслед за вашай дачкой – такая сітуацыя стане рэальнасцю. На думку сённяшніх прагрэсіўных і талерантных актывістаў, тыя, хто папярэджвае аб такім развіцці падзей – пакутуюць на «гамафобію». Але гэта проста самае прымітыўнае з магчымых тлумачэнняў», – з горыччу гіранізуе эстонскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя