Канада 28-ы раз стала чэмпіёнам свету па хакеі

Зборная Канады абыграла Германію і заваявала залатыя медалі чэмпіянату свету
Зборная Канады двойчы саступала ў ліку цягам сустрэчы, але перамагла немцаў з лікам 5:2 і стала чэмпіёнам свету. Першыя два перыяды завяршыліся пры роўнасці на табло, але ў трэцім „кляновыя лісці” закінулі тры шайбы. У канадцаў дублем адзначыўся Самуэль Блэз, па адной шайбе закінулі Лоўсан Краўз, Тайлер Тафалі і Скот Лоўтан. У нямецкай каманды закінутымі шайбамі адзначыліся Джон-Джэйсан Петэрка і Даніэль Фішбух. Зборная Канады выйграла чэмпіянат свету 28-ы раз. Таксама ў актыве канадскай каманды 16 сярэбраных і 9 бронзавых медалёў. У матчы за трэцяе месца зборная Латвіі перамагла каманду ЗША 4:3 у авертайме і ўпершыню ў гісторыі заваявала бронзавыя медалі. Галкіпер Артур Шылаў прызнаны лепшым гульцом турніру.
„Тарпеда-БелАЗа” другі раз выйграў Кубак Беларусі
Футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” другі раз заваявалі Кубак Беларусі, перамогшы ў фінале барысаўскі БАТЭ – 2:0. Пачатак фінальнага паядынку застаўся за тарпедаўцамі, якія на 15-й хвіліне правялі хуткі напад, які дакладным ударам завяршыў Валерый Гарбачык. Прапусціўшы мяч, барысаўчане стварылі некалькі небяспечных сітуацый ля брамы Яўгена Абрамовіча, але параўняць лік не змаглі. Пасля перапынку абедзве каманды мелі шанцы вызначыцца, але гэта ўдалося толькі падначаленым Дзмітрыя Молаша. За 10 хвілін да заканчэння асноўнага часу габонскі нападнік жодзінцаў Авона Ромес падвоіў перавагу жодзінцаў. Футбалісты БАТЭ з’яўляюцца пяціразовымі ўладальнікамі Кубка краіны, жодзінскія тарпедаўцы свой першы трафей узялі ў 2016 годзе, адолеўшы БАТЭ ў серыі пасляматчавых пенальці.
Гандбалісткі „Гомеля” 8-ы раз выйгралі Кубак Беларусі
У вырашальным паядынку на паркеце магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” гамяльчанкі перамаглі „БНТУ-БелАЗ” з перавагай у два мячы – 31:29. У гульні за бронзу кубкавага турніру гарадзенская „Гараднічанка” перайграла бабруйскую „Бярэзіну” з лікам 35:31. Гандбалісткі „БНТУ-БелАЗа” з’яўляюцца 16-разовымі ўладальніцамі Кубка краіны, спартоўкі „Гомеля” 8 разоў выйгравалі трафей, у тым ліку пяць апошніх сезонаў запар. У актыве „Гараднічанкі” дзве вікторыі ў кубкавых розыгрышах.
Шымановіч прабілася ў 1/32 фіналу French Open
Беларуская тэнісістка 211-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ірына Шымановіч прабілася ў 1/32 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі. Дэбютантка турніраў серыі „Вялікага шлема” перамагла ў трохсэтавым паядынку венгерскую тэнісістку 95-ю ракетку планеты Панну Удвардзі – 6:7 (6:8), 6:3, 6:1. У другім раундзе Ірына Шымановіч сустрэнецца з яшчэ адной беларускай, другой ракеткай планеты Арынай Сабаленкай, якая абыграла ўкраінку Марту Касцюк – 6:3, 6:2.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
