Піт Паўлаў: У мяне была ідэя паехаць ваяваць
Беларускі рок-гурт „N.R.M.” збіраецца ва Украіну, каб зайграць там канцэрт для байцоў палка Каліноўскага і іншых абаронцаў, якія змагаюцца за свабоду краіны. Таксама калектыў абвясціў збор сродкаў на патрэбы ваяроў.
Пра яго, падрыхтоўку да паездкі і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – лідарам гурта „N.R.M.” Пітам Паўлавым.
РР: Як з’явілася ідэя паехаць ва Украіну?
– На гэта пытанне няма адказу. Гэта ідэя проста ёсць, яна ёсць, мне здаецца, у галаве кожнага беларуса. Калі пачалася вайна, то першая думка была, як я магу дапамагчы. У мяне была ідэя паехаць туды ваяваць на баку Украіны. Але калі я даведаўся, што створана менавіта нацыянальная вайсковая адзінка, не проста можна далучыцца да нейкіх абстрактных УСУ, да нейкіх украінскіх аддзелаў, што таксама вельмі крута, а можна далучыцца да беларускага тады яшчэ на самым пачатку батальёна Каліноўскага. Далучыцца да батальёна Каліноўскага было так крута, што само было зразумела, што я мушу быць там. Паўтары гады ідзе гэтая вайна і вось толькі цяпер я нарэшце выбіраюся туды і магчыма ўсё „зрасцецца”. Ёсць яшчэ адна перашкода, украінцы на жаль трактуюць беларусаў практычна, як расейцаў, стаўленне вельмі кепскае. Каб беларусу трапіць ва Украіну патрэбныя сур’ёзныя намаганні, якія я зараз і раблю.
РР: Разам з тым адносна нядаўна спадар Зяленскі заяўляў пра тое, што каля 70% беларусаў бароняць свае правы і дэмакратыю. То бок ён быццам разумее сітуацыю.
– Я думаю, што вышэйшае кіраўніцтва мае інфармацыю, але сама прапаганда ўнутры Украіны, дзейнічае на звычайных украінцаў так, што яны трактуюць нас, як расейцаў. Яны кажуць, што мы забойцы і гэтак далей. Ніякіх довадаў яны не прымаюць. Адзіны, хто можа нас „адмыць” – гэта полк Каліноўскага. Гэта адзінае, што можна паказаць. На гэта няма чаго сказаць, бо гэтыя людзі сапраўды мужна, у першых шэрагах, на самых небяспечных накірунках стаяць на баку Украіны.
РР: Але ж разам з тым ёсць і батальён „Тэрор” ды іншыя адзінкі.
– Так, але яны не атрымалі такога моцнага піяру. Яшчэ раз скажу, я думаю, што колькасць беларусаў, якія ваююць ва Украіне вельмі значная, проста яны ўсе знаходзяцца ў складзе УСУ. Я кажу не пра этнічных беларусаў, бо этнічны беларус сам Арастовіч, я кажу пра тых, у каго ў пашпарце слова беларус. Проста вялікая колькасць людзей, якія там былі з 2014 года, яны адразу пачалі ваяваць, такіх людзей шмат. Полк Каліноўскага – гэта рэч сімвалічная, вельмі моцна сімвал і зразумелы.
РР: Вы неяк падтрымліваеце сувязі з нашымі абаронцамі?
– Я падтрымлівае сувязь праз тэлефон. Я з некаторымі з іх размаўляю, не часта, але размаўляю. Лістуюся значна часцей, дасылаю музыку. Такога кшталту падтрымка.
РР: Зараз ідзе збор на падтрымку палка. На што менавіта збор?
– Зараз ідзе вельмі шмат збораў, вельмі шмат хто збірае гэтыя грошы. У маёй галаве з’явілася ідэя, звязаная менавіта з маёй паездкай, што я паеду не з гітарай, не з пустымі рукамі, а прывязу з сабой нешта вельмі патрэбнае. Спачатку я пачаў прыдумляць, што ўзяць, пачаў раіцца тут. Потым мне прыйшла ідэя спытаць у іх саміх, што б яны хацелі. Я атрымаў спіс. Калі я паглядзеў прыкладны кошт гэтых рэчаў і склаў каштарыс, то ў мяне атрымалася нейкая сума. Я яе скругліў у меншы бок і арганізаваў „зжутку” па-польску гэта называецца. Не так даўно быў на іншай праграме, на іншым радыё, з гэтай жа самай нагоды. Я там папрасіў, каб мне напісалі адпаведнае слова, як перакласці слова „зжутка”. Прычым маё патрабаванне было такое, скідвацца мы ўсе ўмеем. Я хацеў назоўнік ад дзеяслова „скідвацца” – „скідон”, „скідуха”. Атрымалася слова „складчына”, беларускае слова. У складчыну я шмат разоў нешта набываў. Нават калі да стала трэба нешта набыць, мы скідваемся, але набываем у склачыну. Таму „склачына” хіба пакуль што лепшае слова з таго, што мне прапанавалі. Там былі і іншыя словы, але я хацеў, каб яно было інтуітыўнае. Напрыклад, „збор грошаў”, „збор” проста без грошаў ён нічога не дае. А складчына, яна накіроўвае менавіта туды. Таму трэба прызвычаіцца да слова „складчына”.
Падтрымаць байцоў і далучыцца да складчыны можна праз спасылку, размешчаную ў сацсетках гурта і Піта Паўлава: https://zrzutka.pl/r3wps5.
Беларускае Радыё Рацыя