Мікалай Бушко: Фестываль „Гайнаўка” – вялікая і адкрытая для ўсіх харавая сям’я



У Беластоку завяршыў працу чарговы і традыцыйны ўжо для рэгіёна 42-ы Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі „Гайнаўка 2023”. Першае месца занялі Хор „Астана Опера” з Казахстана і Хор „Святога апостала Карпа” з Балгарыі. І хаця падчас фестывалю прайшоў вечар беларускай духоўнай музыкі пад назвай „Магутны Божа” – пявучая душа Беларусі”, сёлета відавочна бракавала хораў-удзельнікаў, якія б прадставілі Беларусь ці той жа Беласток.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з дырэктарам фестывалю Мікалаем Бушко пра тое, якім мусіць быць беларускі хор у Польшчы, чаму ў конкурсе не прымаюць удзел прыхадскія хоры з Беластоку і ў чым палягае галоўная місія фестывалю надалей:

– Я вельмі ўсцешаны, што ўсе, хто вас пачулі, скажуць, што ёсць такая жывая царква.

РР: Якое вашае асабістае адчуванне? Фестываль праходзіць ужо 42 гады.

Я ніколі не думаў такімі катэгорыямі, але калі вы задаеце такое пытанне, то ў нас сапраўдная музычная сям’я. Інфармацыя пра наш фестываль разыходзіцца далёка. Амаль тысяча хораў з 44 краін свету. Мне здаецца, што большасць з тых хораў вывезлі ад нас добрыя ўспаміны.

РР: У гэтым годзе не было беларускіх удзельнікаў. Ці могуць беларусы Беластока стварыць свой хор і падаць заяўку?

– Чаму не. Можна спрабаваць.

РР: Як вы ацэньваеце ўзровень беларускага хору з Варшавы?

Добра ацэньваю. Калі б у іх былі лепшыя ўмовы, то ён быў бы яшчэ лепшы. У мінулым годзе журы заўважыла, ён жа атрымаў першую ўзнагароду ў катэгорыі хораў. Я вырашыў, што прыйшоў час паказаць на нашым фестывалі поўны канцэрт беларускай царкоўнай музыкі. Бо калі не мы, то хто? Калі не цяпер, то калі? Я вельмі рады, што мая ідэя атрымала вялікую падтрымку. Беларускіх аўтараў вельмі многа, тыя, якія мы выбралі, публіка вельмі добра прыняла. Мы, як арганізатары, радыя. Журы заўважыла і прысудзіла спецыяльную прэмію.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя