Абстрэл Масквы дронамі і Карпянкоў
Калі я дазнаўся пра абстрэл дронамі Масквы, я адразу падумаў пра Карпянкова – як ён там: камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі? Тымі самымі войскамі, якія былі асновай карнай машыны ў 2020 годзе.
Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі.
Пакуль эксперты спрачаюцца ці гэта былі ўкраінскія дроны, ці мы бачылі інсцэніроўку расейскімі спецслужбамі, на нізавым узроўні лукашэнкаўскіх сілавікоў ідуць размовы.
Думаю, што „срочнікам” мала што даюць ведаць, а вось кантрактнікі маюць доступ да інтэрнэту. І бачаць, што Маскву ЎЖО бамбяць.
І Карпянкову трэба штосьці прыдумаць, каб падбадзёрыць падначаленых.
Але Карпянкоў не вучыўся на „думаць”. Ён усяго за пару гадоў узляцеў ад падпалкоўніка да генерал-маёра за адданасць.
У сеціве ёсць вядомы зліў ад „Кіберпартызанаў”, дзе Карпянкоў пераказвае пачутае на нарадзе ў Лукашэнкі. Нуль самастойных думак. Толькі бравурныя эмоцыі.
Калі гавораць пра дэлукашызацыю Беларусі, часта ўяўляюць сабе ваенную аперацыю з уваходам пэўных сілаў праз мяжу. І сутычкі з вайсковымі. Але апірышча Лукашэнкі не Армія, а Унутраныя Войскі.
Людзі блытаюць, калі называюць іх „амонам”.
Большасць тых чорных шаломаў, якія мы памятаем з 2020 году — на 70% прызыўнікі. Маладыя хлопцы з пракампасціраванымі мазгамі.
І тут бамбёжка Масквы. Ніякія карпянковы не пераканаюць тых хлопцаў, што дроны не змогуць прыляцець на базы ўнутраных войскаў у Менску. Тым больш, у іншых гарадах.
Важна зафіксаваць Лукашэнку і ягоных памагатых як легітымную ваенную цэль.
У адрозненне ад крамлёўскай Расеі, Беларусь ад лукашызму магчыма вызваляць з самай сярэдзіны.
Беларуская армія не матываваная супраць сваіх грамадзян. Дый не ўмее ваяваць з гарадскімі партызанамі. А беларусы такіх падрыхтаваных байцоў ужо маюць.
Расея правакуе вайну з NATO. Наўрад ці „астравок” стабільнасці лукашыстаў можа адседзіцца ў баку.
Хутчэй наадварот: падкантрольную лукашыстам тэрыторыю Расея паспрабуе ўцягнуць у вайну з максімальным эфектам.
Парадокс, але факт — з’явіцца новае вакно магчымасцяў для вызвалення Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя