Украіна дэнансуе пагадненне з Беларуссю па пенсійным забеспячэнні



Вярхоўная Рада Украіны прыняла праект закона “Аб дэнансацыі пагаднення паміж урадам Украіны і ўрада Рэспублікі Беларусь па гарантыі правоў грамадзян у галіне пенсійнага забеспячэння”. Прапануецца спыніць дзеянне пагаднення, падпісанага ў снежні 1995 года. Новы закон уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Пагадненне, якое дзейнічала да гэтага, рэгулявала пытанні дзяржаўнага пенсійнага забеспячэння грамадзян, якія пастаянна пражывалі на тэрыторыі адной краіны і пераехалі на пастаяннае пражыванне на тэрыторыю іншай краіны. Яно датычылася пенсій па ўзросце, па інваліднасці, за выслугу гадоў і па страце карміцеля, піша reform.by. Гаворачы іначай, пераехаўшы на пастаяннае месца жыхарства ва Украіну, беларус мог атрымліваць там пенсію, якую напрацаваў на тэрыторыі Беларусі, і наадварот.

З першага чэрвеня падаражэе камуналка

З 1 чэрвеня ў Беларусі падаражэюць камунальныя плацяжы. Тарыфы на ЖКП падвышаюць двойчы на год – у студзені і чэрвені. Напачатку студзеня жыроўка пацяжэла на 9 рублёў 53 капейкі, а напачатку чэрвеня павялічацца тарыфы на электрычную і цеплавую энергію, прыродны газ для ацяплення – на 4 рублі 39 капеек. У выніку падаражанне паслуг павінна скласці пяць даляраў у эквіваленце.

Літва зноў заклікала Беларусь прыпыніць эксплуатацыю АЭС

Літоўская дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі паведамляе, што накіравала ліст у МНС Беларусі з заклікам спыніць эксплуатацыю і пуск двух энергаблокаў Беларускай АЭС, паведамляе Delfi. Электрастанцыю просяць не эксплуатаваць да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядзернай бяспекі. Копія ліста была накіраваная ў міжнародныя структуры, якія займаюцца пытаннямі ядзернай энергетыкі.

Міністэрства энергетыкі Беларусі ў сваю чаргу абвергла інфармацыю пра тое, што на Астравецкай АЭС ёсць праблемы з ядзернай бяспекай, у тым ліку пра тое, што нібыта адбыўся выкід радыянуклідаў. “Станцыя функцыянуе ў штатным рэжыме, першы энергаблок працуе на намінальнай магутнасці, на другім працягваюцца работы па засваенні магутнасці рэактара ў рамках этапных праграм”, – адзначылі ў ведамстве.

У Беларусі адчынілася першая інтэрнэт-аптэка

У Беларусі запрацавала першая інтэрнэт-аптэка. Яна аказалася дзяржаўнай – ліцэнзію №1 на рознічны продаж лекаў дыстанцыйным спосабам атрымала РУП “Белфармацыя”, піша “Зеркало”.

Інтэрнэт-аптэка запусцілася на сайце pharmamall.by. У ёй толькі безрэцэптурныя лекі, бо іншыя забаронена прадаваць дыстанцыйна. Таксама ў каталогу ёсць касметыка, сродкі гігіены і абароны ад сонца, тавары для дзяцей, харчаванне, медыцынскія вырабы і тэхніка.

Але… даступная інтэрнэт-аптэка толькі жыхарам Менска. Тавар яны могуць аплаціць наяўнымі або анлайн, забраць яго самім або замовіць кур’ера. Калі сума замовы перавышае 50 рублёў, кур’ерская дастаўка – бясплатная.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pravo.by.