Валер Карбалевіч: На выбарах многія жадаюць папіярыцца



Палітолаг Валер Карбалевіч распавядае, чаму ў апошні час актывізаваліся патэнцыйныя прэтэндэнты на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі-2015.

7BA9B929-6231-4934-8C2E-F9C30A73278F_mw1024_mh1024_s

Апошнім часам стала вядома, што партыя “Справядлівы свет” мае намер вылучыць на выбары свайго лідара Сяргея Калякіна, а Беларуская партыя “Зялёныя” вырашыла падтрымаць кандыдатуру “дармаеда ў дэкрэце” Юрыя Шульгана.

Раней аб сваім намеры прыняць удзел у прэзідэнцкай кампаніі заявілі старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, намеснік старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы” Алена Анісім, а таксама актывістка кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч.

Валерый Карбалевіч: Падчас усіх такіх кампаній на стадыі стварэння ініцыятыўных групаў заўсёды з’яўляюцца каля дзесяці прэтэндэнтаў. Прэзідэнцкія выбары – гэта магчымасць “засвяціцца” і прапіярыцца на самім факце ўдзелу. На цябе звяртаюць увагу, бяруць інтэрв’ю… І нават, калі чалавек нічога не збярэ, пра яго ўжо будуць казаць, як пра асобу з прэзідэнцкімі амбіцыямі. Так што піяр вакол свайго імя зрабіць на выбарах можна. Не больш таго. Бо нават сабраць неабходную колькасць подпісаў многім будзе не пад сілу. Таму на фінішнай прамой колькасць кандыдатаў, думаю, рэзка зменшыцца. Калі казаць пра апазіцыйных кандыдатаў, то, на мой погляд, застануцца максімум два.

РР: Гэта добра, калі так шмат людзей заяўляюць аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты?

Валерый Карбалевіч: Гэта – аб’ектыўная з’ява. І, дарэчы, не толькі беларуская, бо ў многіх іншых краінах таксама шмат кандыдатур прымаюць удзел у такіх кампаніях.

РР: Акрамя піяру якія яшчэ дывідэнды могуць атрымаць кандыдаты?

Валерый Карбалевіч: Асабліва ніякіх. У беларускіх умовах яны наадварот могуць атрымаць, што называецца, па шапцы. Такія прыклады ўжо былі. Чалавек, напрыклад, вылучае сваю кандыдатуру, а ў яго ўжо з’яўляюца праблемы на працы. Таму тут ніякіх асаблівых дывідэндаў чалавек наўрад ці атрымае.

РР: На ваш погляд, ці будуць спрабаваць беларускія ўлады правесці кампанію як мага больш спакойна, каб міжнародная супольнасць прызнала выбары?

Валерый Карбалевіч: Не думаю, што гэтыя выбары нашмат будуць адрознівацца ад папярэдніх. Я хачу нагадаць, што апошнія кампаніі прайшлі ў даволі жорсткіх умовах у адносінах да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, хоць і ў 2010 годзе былі спробы нейкім чынам лібералізаваць працэс на тле дыялогу з Еўропай. Зараз, мяркую, спробы лібералізацыі не будзе. Як не будзе і адмысловай задачы спецыяльна спадабацца Захаду.

Кастусь Заблоцкі, Беларуская Радыё Рацыя