Беларусь хоча рэзка падняць тарыфы на транзіт нафты
Прадпрыемства “Гомельтранснафта Дружба” накіравала расейскай кампаніі “Транснефть” прапанову з 1 ліпеня падвысіць тарыфы на пракачку нафты праз Беларусь адразу на 84 працэнты, паведамляе “Коммерсант”.
Нафтаправод “Дружба” ідзе па тэрыторыі Расеі да беларускага Мазыра, а потым раздзяляецца на дзве галіны: паўночную і паўднёвую. Падвышэнне тарыфу плануецца на абодвух кірунках, што тлумачыцца неабходнасцю забяспечыць бясстратную працу беларускай кампаніі ў бягучым годзе.
Дарэчы, у першым квартале пракачка нафты па “Дружбе” упала ў 4,7 разу, у кірунку Польшчы і Нямеччыны – у 12,1 разоў у параўнанні з мінулым годам. Страты кампаніі “Гомельтранснафта Дружба” за гэты час склалі 329 мільёнаў рублёў. Цалкам застаецца загружанай паўднёвая галіна, па якой нафта ідзе праз Украіну ў Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю. (паводле belsat.eu)
У Беларусі зноў панізілі стаўку рэфінансавання. Ужо пяты раз за год
Нацыянальны банк Беларусі паніжае стаўку рэфінансавання ад 31 мая. Цяпер яна будзе складаць 9,75% гадавых. Папярэдні раз Нацыянальны банк абвяшчаў пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання 2 траўня – з 10,5 да 10 працэнтаў. Агулам гэта пятае паніжэнне з пачатку года, калі стаўка рэфінансавання складала 12 працэнтаў.
Нацбанк чакае, што гадавая інфляцыя ў бліжэйшыя месяцы захаваецца на ўзроўні меншым за 5%. Адпаведна, чакаецца, што захаваюцца нізкія тэмпы прыросту спажывецкіх цэн.
Стаўка рэфінансавання – працэнтная стаўка, пад якую Нацбанк прадстаўляе крэдыты камерцыйным банкам і іншым фінансавым арганізацыямі. Пры яе паніжэнні больш таннымі становяцца спажывецкія і іншыя тыпы крэдытаў.
Беларускія прадпрыемствы працягваюць звальняць работнікаў
У красавіку беларускія прадпрыемствы прынялі на працу каля 44 тысяч чалавек, а звольнілі больш за 61 тысячу. Такім чынам звольнена на чыстай аснове было больш за 17 тысяч чалавек. Гэта вынікае з дадзеных Белстата.
Так, у красавіку прадоўжыўся адток кадраў па віду дзейнасці “Інфармацыя і сувязь”, дзе работнікаў стала менш на 764 чалавек, а па выніках чатырох месяцаў колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў па гэтым віду дзейнасці на 3299 чалавек. Таксама назіраецца адток кадраў у сферы адукацыі, аховы здароўя, спорту, сацыяльных паслуг, лагістыцы ды іншых. Больш стала работнікаў у сельскай гаспадарцы, у сферы адміністратыўных паслуг, паслуг па часовым пражыванні і харчаванні.
Польшча плануе павысіць мінімальны заробак да 4,2 тысяч злотых
Міністр сям’і і сацыяльнай палітыкі Марлена Маланг заявіла, што мінімальны заробак у 2024 годзе складзе больш за 4,2 тысяч злотых. Ён будзе дасягнуты ў два тэрміны — ад 1 студзеня і ад 1 ліпеня.
Сёлета ад 1 студзеня мінімальны заробак павялічыўся да 3 490 злотых. Наступнае павышэнне запланавана на ліпень, заробак складзе 3 600 злотых. Мінімальная пагадзінная стаўка павялічылася з 1 студзеня да 22,80 злотых у гадзіну, а з 1 ліпеня — 23,50 злотых у гадзіну.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: ААТ “Гомельтранснефть Дружба”