Выстава «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA» ў Гожуве



У пятніцу, 2 чэрвеня, у Гожуве-Велькапольскім адкрываецца вялікая выстава «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA», у якой бяруць удзел мастачкі з Беларусі, Польшчы і Макао. Куратарка — Вера Залуцкая.

Дата: 2 чэрвеня. Час: 18.00 (час мясцовы). Месца: галерэя MOS, ul. Pomorska 73, Гожув-Велькапольскі

 Адпраўны пункт выставы — архіў VEHA, праект, распачаты Лесяй Пчолкай у 2017 годзе. Гэта адна з найважнейшых ініцыятыў па захаванні беларускай візуальнай спадчыны. Праект збірае і каталагізуе аматарскія і сямейныя фотаздымкі, якія кранаюць розныя аспекты грамадскага жыцця з моманту з’яўлення фатаграфіі ў Беларусі.

Збіраючы, вывучаючы і распаўсюджваючы візуальны сацыяльны архіў, VEHA імкнецца захаваць сляды гісторыі беларускай штодзённасці. Да ўдзелу ў выставе запрошаныя мастачкі з Польшчы, Беларусі і Макаа. Большую частку прадстаўленых твораў яны стварылі адмыслова для выставы.

Напрыклад, Ольга Анна Маркоўска з Падляшша засяроджваецца на тэме стасункаў чалавека з лесам, у тым ліку на перапрацоўцы беларускіх народных песень, прысвечаных прыродзе, у сучасныя музычныя кампазіцыі.

Катажына Сянкевіч, якая належыць да беларускай меншасці ў Польшчы, раскрывае гісторыю сваёй сям’і, звязаную з ткацтвам (ткачыхамі былі абедзве бабулі мастачкі) і беларускай культурай.

Ураджэнка Макао Кейт Нган Ва Ао распавядае аб асаблівым спосабе бачання гісторыі з тэрыторый, размешчаных «на сутыкненні» розных, часта гвалтоўных сіл і культур (рыса, што аб’ядноўвае Беларусь і Макао).

Назва выставы «Хай ззяе» ўзятая з верша «Жыць» Ларысы Геніюш.

Выстава працуе да 10 верасня.