Павел Латушка знаходзіцца з візітам у Кіеве



Намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка, знаходзячыся з візітам у Кіеве, сустрэўся з дарадцам кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком. Пра гэта палітык паведаміў у твітары. Пра што ішла размова, пакуль не паведамляецца.

Сустрэча з дэпутатамі групы „За дэмакратычную Беларусь” Вярхоўнай рады Украіны. Фота: twitter.com/PavelLatushka

Латушка цяпер знаходзіцца з візітам у Кіеве і праводзіць сустрэчы з украінскімі палітыкамі. У прыватнасці, ён перадаў Генпракуратуры Украіны матэрыялы аб удзеле Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый.

«Наша мэта — выдача ордэру на арышт Лукашэнкі. Мы робім гэта, базуючыся на тых фактах і матэрыялах, якія ўтрымлівае наша справаздача», — заявіў Павел Латушка 31 траўня на прэсавай канферэнцыі ў Кіеве.

Паводле Латушкі, у даследаванні ўдалося дакладна вызначыць, што «Лукашэнка асабіста падпісвае дакументы ў рамках так званай „саюзнай дзяржавы“ аб фінансаванні дзеянняў, звязаных з перамяшчэннем украінскіх дзяцей з тэрыторыі Украіны ў Беларусь».

Павел Латушка паведаміў, што гаворка ідзе пра як мінімум 2150 дзяцей, незаконна вывезеных з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый спачатку ў Растоў, а адтуль — у Беларусь. Даследнікі таксама змаглі дакладна вызначыць шляхі перамяшчэння 12 украінскіх сірот. Інфармацыю менавіта пра гэтых дзяцей перадалі пракурорам Украіны.