Як дапамагчы падлетку адаптавацца ў замежжы?
Як дапамагчы падлетку адаптавацца ў замежжы? Чым заняць маладое пакаленне, каб яго баўленне часу было не толькі цікавым, але і карысным?
Пра гэта і не толькі мы паразмаўлялі з „Госцяй Рацыі” – заснавальніцай беларускай падлеткавай ініцыятывы „WySpa”, якая функцыянуе цяпер у Варшаве, Надзеяй.
– У нас праходзяць сустрэчы кожны чацвер. Дзецям вельмі падабаецца гуляць у гульні, у настолкі. Вядучыя, якія добра з імі ладзяць, яны з імі размаўляюць. Гуляем у псіхалагічныя настольныя гульні, праводзім камунікацыю. У нас планы ёсць, мы запрашаем да іх шмат цікавых людзей. Зараз мы хочам ім пра фінансы расказаць. У нас там ёсць задумкі. Так здарылася, што мы знайшліся, прадстаўнік амерыканскай страхавой кампаніі, вельмі цікавы чалавек. Яшчэ мы зараз плануем паход, гэта цалкам наша ініцыятыва, бацькоў і дзяцей. Паход на Мазуры з дзецьмі будзе. Потым у нас будзе такая серыя мерапрыемстваў культурна-спартова-кулінарных, будзе шэсць заняткаў, на шэсць тыдняў і мы там будзем інтэгравацца з польскімі школьнікамі. Вось такія бліжэйшыя планы.
РР: Калі мы кажам пра дзяцей-падлеткаў, што да іх прыходзяць прадстаўнікі, напрыклад, па страхаванні. Ці не занадта гэта сур’ёзныя тэмы для іх? Як яны гэта ўспрымаюць?
– Ён яшчэ не быў, гэта будзе проста пра фінансавую граматнасць. Там не будзе пра страхавыя выпадкі нічога. Проста ім будуць расказваць, як можна накапіць грошы, як з імі лепш абыходзіцца, як траціць. Вось такія тэмы, каб у іх узросце не было цяжка ўспрымаць.
РР: З тых заняткаў, што ўжо адбыліся. Што прыгадваецца, што зачапіла больш за ўсё?
– IT-бяспека. Там быў малады хлопец 19-гадовы. Ён да 19-ці гадоў напісаў чатыры кніжкі ў суаўтарстве з кімсьці. Выйграваў нейкія конкурсы. Вельмі цікавы, блізкі да іх па ўзросце. Падлеткі добра разбіраюцца ў гэтай сферы, ён вельмі блізкі да іх, таму ім было вельмі цікава размаўляць. Потым яны гарбату пілі і яшчэ размаўлялі, яшчэ яго запрашалі. Ім гэта зайшло вельмі добра.
РР: Як змяняюцца падлеткі, якія ўваходзяць у вашае аб’яднанне?
– Мы зрабілі для іх такі чат. Яны камунікуюць. Там былі такія выказванні: „У мяне няма сяброў, толькі тут, толькі вы”. Яны знаходзяць сабе сяброў, знаходзяць падтрымку. Я не ведаю, як яны змяняюцца, бо мы з імі бачымся бывае раз на тыдзень, бывае менш. То хлопцы праводзяць, то мы, гэтыя сустрэчы. Па меншай меры яны неяк уліваюцца ў гэтае асяроддзе і атрымліваюць падтрымку.
З заснавальніцай беларускай падлеткавай ініцыятывы „Wyspa” Надзеяй гутарыла наш карэспандэнт Марына Савіцкая
Беларускае Радыё Рацыя