Агляд прэсы: трымаць за каўнер



Больш за 2 тысячы дзяцей гвалтоўна вывезеныя з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Чаго чакаць ад Саміту ЕПС у Малдове? Перамога Эрдагана як гарант Швецыі ў НАТА. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

фота (ТАСС) мае ілюстрацыйны характар

Беларускі апазіцыянер, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік старшыні Аб’яднанага часовага кабінета міністраў Беларусі Павел Латушка заявіў, што з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь вывезена не менш за 2150 дзяцей. «Паводле слоў Латушкі, Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі аб фінансаванні дзейнасці па перадачы дзяцей з тэрыторыі Украіны», –піша ўкраінскае выданне Ukrainska Pravda.

«Летась у Беларусь вывезлі 1150 украінскіх дзяцей, а з пачатку гэтага года іх колькасць дасягнула ўжо 1000. Як устаноўлена, гэтыя злачынствы фінансаваліся з бюджэту Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі на суму не менш за 29 мільёнаў расейскіх рублёў (прыкладна 358 150 даляраў ЗША). Пераезд дзяцей адбываецца пры дапамозе фонду «Дэльфін» з акупаванай Данецкай вобласці і Беларускага фонду Аляксея Талая. Вядома пра чатыры месцы ўтрымання ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку тры ў Менскай вобласці (у прыватнасці, лагер «Дубрава») і адно ў Гомельскай вобласці. Прадстаўнікі Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Беларусі падкрэслілі, што матэрыялы іх расследавання перададзеныя ў пракуратуру Украіны, упаўнаважанаму па правах дзіцяці, а таксама ў Еўрапарламент і Раду Еўропы. І ёсць усе падставы распачаць супраць Лукашэнкі расследаванне па факце ваеннага злачынства супраць украінскіх дзяцей», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.

***

У чацвер, кіраўнікі 47 краін, а таксама Еўрапейскага саюза сустрэліся на другім саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у замку Мімі ў Бульбааку, Малдова. На парадку дня «мір і бяспека, энергетычная ўстойлівасць і абарона клімату, а таксама наладжванне сувязей для забеспячэння больш цеснага і стабільнага кантынента». Аглядальнікі абмяркоўваюць патэнцыял як бягучага саміту, так і самой супольнасці ў цэлым. «ЕПС заклікана дапамагчы ў справе ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў», – лічыць нідэрландскае выданне NRC.

«Вайна ва Украіне прымусіла людзей усвядоміць тое, што Еўропа – больш, чым Еўразвяз, што гэта геаграфічная тэрыторыя, якая, нягледзячы на ўсе адрозненні, мае падобныя інтарэсы. Як пісаў Аляксандр Адам, былы дарадца Макрона па еўрапейскіх пытаннях, гэта – хутчэй, супольнасць інтарэсаў, чым супольнасць агульнага лёсу. ЕПС можа паспрабаваць вызначыць гэтыя інтарэсы – як то: пытанні бяспекі і кіберпагрозы ды ўнесці свой уклад у вырашэнне рэгіянальных канфліктаў. Іншымі словамі, гэтая супольнасць заклікана ўзмацніць абарону Еўропы ад пагрозы з боку Расеі ды іншых небяспек», – канстатуе нідэрландскае выданне.

***

У аўторак, 30 траўня, у Маскве ў выніку нападу дронамі былі пашкоджаныя жылыя будынкі. Пацярпелых не было. Прэзідэнт Пуцін заявіў, што меў месца тэрарыстычны акт, абвінаваціўшы ва ўсім Украіну. Кіеў абверг абвінавачванні ў прамым дачыненні да інцыдэнту. «Наносячы ўдары дронамі па жылых дамах у Маскве, Украіна рызыкуе пазбавіцца даверу Захада», – такі каментар дае нідэрландская газета De Telegraaf.

«Вядома ж, Украіна мае поўнае права абараняцца ад расейскай агрэсіі. І гэта можа азначаць большае, чым проста выгнанне расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторый. Але пры нападзе дронамі на Маскву гаворка ішла і аб грамадзянскіх мэтах, у тым ліку аб раёне, у якім пражываюць прэзідэнт Пуцін і шэраг яго прыхільнікаў. Украіне варта было б, выкарыстоўваючы ўласную зброю, засяродзіцца на ваенна-стратэгічных мэтах, каб не дапусціць паслаблення падтрымкі Захада», – папярэджвае нідэрландскае выданне.

***

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган быў пераабраны на сваю пасаду на наступныя пяць гадоў, набраўшы ў другім туры 52,2 працэнты галасоў. Наколькі гэтыя выбары былі сумленнымі і што іх вынік азначае для будучыні, у тым ліку і для блока НАТА, пра гэта разважае еўрапейская прэса. На думку фінскай газеты Kaleva, ужо ў найбліжэйшай будучыні Турцыя дасць сваю згоду на прыняцце Швецыі ў шэрагі НАТА.

«Пасля таго як у нядзелю Эрдаган быў пераабраны на новы пяцігадовы тэрмін, у яго больш няма патрэбы разыгрываць перад сваёй аўдыторыяй ролю гэтакага моцнага лідэра, які трымае ў руках павады, якімі ён кіруе НАТА. Той факт, што Эрдаган сапраўды жадае займець знішчальнікі, абяцаныя Байдэнам, робіць яго больш паслухмяным. Знішчальнікі – гэта той рычаг, пры дапамозе якога на Эрдагана аказваецца ціск. Акрамя таго, з 1 чэрвеня Эрдагану будзе яшчэ прасцей апраўдаць свой разварот. У чацвер у Швецыі ўступае ў сілу новы закон аб тэрарызме, які сярод іншага ўзмацняе жорсткасць стаўлення да курдскай арганізацыі РПК», – адзначае фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.