Шымановіч і Марцінс выйшлі ў 2-і раунд парнага разраду „Ралан Гарос”
Беларуска Ірына Шымановіч і бразільянка Інгрыд Марцінс перамаглі румынска-ўкраінскі дуэт Ірына-Камелія Бегу / Ангеліна Калініна – 6:2, 6:4 у першым раўндзе парнага разраду „Ралан Гарос”. Лідзія Марозава і іспанская тэнісістка Рэбека Масарава саступілі ў трохсэтавым матчы расейкам Вераніцы Кудзерметавай і Людміле Самсонавай – 7:5, 6:7 (4:7), 2:6. У мужчынскім турніры беларус Ілля Івашка і прадстаўнік Аўстраліі Аляксей Папырын прайгралі брытанска-фінскай пары Лойд Гласпул / Хары Хеліяваара 7:6, 7:5.
„Мінск” другі раз узяў бронзу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Мінска” другі раз запар заваявалі бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. На паркеце сталічнага спарткомплексу „Уручча” ў другім паядынку за 3-е месца менчане ў авертайме вырвалі перамогу ў гомельскага БЧ з лікам 5:4. Падчас сустрэчы падначаленыя Аляксандра Чэрніка тройчы саступалі гасцям, але ў выніку ўсё ж здолелі выйграць. Пераможны гол забіў Юры Дубкоў. У першай гульні ў Гомелі „Мінск” таксама адолеў БЧ у авертайме – 5:3. Год таму менчане ўпершыню здабылі бронзу нацыянальнага чэмпіянату, абыграўшы гарадзенскі клуб „УУС-Дынама”. У першым матчы залатой серыі 34-га першынства краіны дзейныя чэмпіёны спартоўцы „Сталіцы” выйгралі ў Гомелі ў мясцовага ВРЗ з лікам 4:3, а сёння прымуць супернікаў ва „Уруччы”. Серыя за золата працягнецца да трох вікторый адной з каманд.
Апеляцыйны камітэт АБФФ пакінуў у сіле рашэнні па справе „Шахцёра”
Апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футбола пакінуў у сіле рашэнні па справе аб дамоўных матчах з удзелам ФК „Шахцёр”. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні 1 чэрвеня, піша football.by. Наступная інстанцыя, куды могуць звярнуцца незадаволеныя спартоўцы, — футбольны арбітраж. Пасля гэтага — толькі Спартовы арбітражны суд у Лазане (CAS). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ёсць такія, хто плануе дайсці і да гэтай інстанцыі. Гісторыя з дамоўнымі матчамі 2022 года — адзін з найбольшых спартовых скандалаў апошняга часу. Федэрацыя футбола пазбавіла салігорскі „Шахцёр” чэмпіёнства 2022 года, а ў клуба „Энергетык-БДУ” забрала срэбраны медаль чэмпіянату. Дзясяткі гульцоў былі дыскваліфікаваныя, а самі клубы пазбаўленыя ачкоў у гэтым сезоне і аштрафаваныя на вялікія сумы.
„Інтэр Маямі” прапанаваў Ліянэлю Месі кантракт на 200 мільёнаў даляраў
„Інтэр Маямі” зрабіў прапанову кантракта для нападніка „ПСЖ” Ліянэля Месі. Пагадненне разлічана на чатыры сезоны з зарплатай у 50 мільёнаў даляраў. Як паведамляе Sport.es, „Інтэр” разлічвае ўгаварыць Месі за кошт таго, што ў Ліянэля ёсць дом у Маямі. Хаця прапанова „Інтэра” не такая вялікая, як з Саудаўскай Аравіі, тут можа адыграць сваю ролю чэмпіянат свету 2026 года, які пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы.
УЕФА можа адхіліць Марчыняка ад фіналу ЛЧ з-за ўдзелу арбітра ў мерапрыемстве польскіх ультраправых
УЕФА можа змяніць арбітраў фіналу Лігі чэмпіёнаў. Планавалася, што матч паміж „Манчэстэр Сіці” і „Інтэрам”, які адбудзецца 10 чэрвеня, абслужыць судзейская брыгада на чале з палякам Шымонам Марчынякам. Аднак, як паведамляе Sky Sport, УЕФА можа замяніць Марчыняка на гэтай гульні. Гэта звязана з навінамі аб тым, што рэферы прыняў удзел у мерапрыемстве, арганізаваным польскім ультраправым палітыкам Славамірам Менцэнам. Кіраўнік партыі „Новая надзея” вядомы сваімі гамафобнымі і антысеміцкімі выказваннямі. УЕФА ў тэрміновым парадку звярнуўся да Марчыняка па тлумачэнні. Саюз выступае катэгарычна супраць ідэй, вылучаных Менцэнам. Рашэнне аб тым, ці застанецца Марчыняк галоўным арбітрам фіналу ЛЧ, будзе прынята сёння.
Беларускае Радыё Рацыя
