“Газелі” абарзелі



У вашым горадзе ёсць “газелі”? Ці вашыя маршрутачнікі ўжо перайшлі на чалавечыя транспартныя сродкі? У маім родным Берасці прыгожыя мэрсэдэсы ды форды выцясняюць гэтых жоўтых пачвар у ходзе натуральнай эвалюцыі – кожны адэкватны кіроўца хоча кіраваць нармальным аўто і мець пры гэтым наплыў пасажыраў. Бываюць, канешне, выпадкі, калі выбіраць не прыходзіцца, але калі ёсць пару лішніх хвілін, то я заўсёды дачакаюся камфортнай машыны, нават не чапляючыся вокам за будкі з белым пластмасавым верхам. Таму што пры наяўнасці выбару сядаць у старую, смярдзючую газам, заўсёды запыленую калымагу – гэта як сябе не паважаць.

Але праблема ў тым, што адэкватныя кіроўцы, набываючы “мэрсы”, прадаюць свае старэнькія “газелі” калегам не зусім адэкватным. Ці тыя становяцца такімі, сядаючы ў разбітае карыта, – не так важна. І тады мы атрымліваем выбуховую сумесь: не годныя для бяспечнай перавозкі пасажыраў тэхнічныя характарыстыкі машыны ў дадатак да чалавека, які калі і чуў недзе пра культуру ваджэння, то ніколі не падазраваў, што яе можна практыкаваць у штодзённай працы. У выніку мы то балюча б’емся аб сядзенні, калі кіроўца, ледзь мы зачынілі за сабой дзверы, ужо прэ ва ўсю моц абганяць канкурэнта, не даўшы нам часу дайсці да крэсла. То падаем на павароце, бо хуткасць зашкальвае, а трымацца няма за што. То б’ем копчыкі, бо гаспадару становішча прыходзіць у галаву геніяльная думка аб’ехаць корак на закрытым на рамонт участку дарогі.

Часам траўмы бываюць сур’ёзныя. Аднойчы я сядала ў маршрутку разам з дзяўчынай-інвалідам, якая рухалася з дапамогай мыліц. Калі яна заходзіла, у недачалавека за рулём ужо ішоў пар з вушэй – як жа, пасадка заняла хвіліну, а то і паўтары замест звычайных 10 секунд. Не дзіўна, што ледзь зачыніліся дзверы, кіроўца адразу націснуў на педаль, не хвалюючыся пра лёс дзяўчыны. А яна ўпала. Нязграбна так грамыхнулася на ўсю маршрутку, раскідаўшы па баках свае мыліцы. Падхапіць яе не паспелі, бо ўсе занадта далёка сядзелі, а я яшчэ стаяла на прыступцы. Я бачыла, як яна псіхалагічна пакутвала, калі яе падымалі, і не важна, што на кіроўцу пасажыры накрычалі. Што ёй з гэтага, калі ўсе пабачылі яе слабай і бездапаможнай, а прыдурак за стырном так і не прытармозіў і не выбачыўся?

Псіхалагічнымі траўмамі справа не заканчваецца, канешне. Дыялог: “Перавярнулася маршрутка. – Газель? – Ну так” – звычайны на берагах Мухаўца. Такія здарэнні адбываюцца разы чатыры на год, але ні ДАІ, ні гарвыканкам не робяць з гэтага высноў. Бадай, маршрутачнікі праз аднаго славяцца парушэннем правіл ПДР і агрэсіўнай манерай язды, але пераварочваюцца толькі “газелісты”, чыя машына, у адрозненне ад устойлівых заходніх, не ў стане вытрымліваць выкрунтасы бязмозглага наезніка. Апошні выпадак, калі маршрутка не саступіла дарогу, сутыкнулася з легкавым аўтамабілем і праз агароджу кульнулася на тратуар, сёння абмяркоўваецца гараджанамі з новай хваляй эмоцый. Чаму гэтыя машыны дагэтуль на хаду? – пытаюць адны. Чаму ніхто не сочыць за выкананнем правіл дарожнага руху кіроўцамі маршрутных таксі? – абураюцца другія. Трэція, чацвёртыя і дзясятыя апісваюць свае выпадкі хамскіх, а часта проста хуліганскіх паводзін кіроўцаў таксі. На форумах пануе беспрэцэдэнтнае адзінадушша з нагоды асуджэння маршрутачнікаў, недасканалай працы даішнікаў, абыякавасці саміх пасажыраў, што лянуюцца зрабіць заўвагу вадзіцелю. Пануе адзінадушша і ў спачуванні да ахвяр – як пасажыраў, так і пары маладых людзей, што мірна сядзелі на лаўцы ў скверыку, калі на іх прызямлілася “газель”. На шчасце, усе засталіся жыць, хоць некаторым не адзін тыдзень прыдзецца ўзнаўляць фізічнае і псіхілагічнае здароўе ў шпіталях.

Аднак “газелі” – зразумела, не прычына. Яны следства абыякавасці, неакуратнасці, няўважлівасці нас саміх да сябе і аднаго да другога. Іх не было б зусім, каб мы сябе хоць крышку паважалі.

Але яны пакуль ёсць. Радуе, што мэрсэдэды ды форды выцясняюць іх у натуральнай эвалюцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ