Ці прыкрытае неба над Лукашэнкам?



Наўмысна аддзяляю словы «Лукашэнка» і «Беларусь», бо ўжо да ўсяго зацікаўленага ў падзеях у Беларусі свету пачынае даходзіць прынцыповая розніца.

І я хачу заўважыць, што любыя прагнозы ў цяперашнім 2023 годзе не магчымыя без слова «версія».

Калі пасля ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе Расея зламала існы ад канца Другой Сусветнай вайны планетарны парадак, вядомыя палітычныя аналітыкі заклікалі не рабіць прагнозы больш як на два гады наперад.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 году прагнозы, мяркую, можна рабіць максімум на тыдзень наперад. Таму палітычныя аналітыкі апелююць тым, што завецца «версіяй».

У тэлеграм-канале «Беларуская выведка» заўважылі, што ў Лукашэнкі няма сродкаў знішчэння баявых дронаў. Такіх самых, што нядаўна атакавалі Маскву.

У расейцаў ёсць. Гэта сістэмы проціпаветранай абароны (СПА), маркіраваныя як С-400 і «Панцыр». У расейцаў ёсць, а ў Лукашэнкі няма.

Памятаеце як нам паказалі на хвілінку паўжывога Лукашэнку, які інспектаваў войскі СПА? Дык вось гэтая СПА савецкага тыпу і арганізаваная для вайны глабальнага маштабу. А тут дроны вядуць рэй – у тактычных манеўрах.

Праблема Лукашэнкі для сусветнай палітыкі не стратэгічная, а тактычная.

Лукашэнка які год прадае Крамлю ідэю, што ягонае СПА першай сустрэне ракеты з боку NATO.

А вось пра баявыя дроны ды наогул пра новыя тэхналогіі, у тым ліку вайсковыя, крывавы дыктатар, якія мазгамі жыве ў брэжнеўскую эпоху, не падумаў.

Версія аўтараў «Беларуская выведкі» у тым, што неабходнай колькасці сучасных сістэм СПА Лукашэнку няма дзе ўзяць. У Расеі самой не хапае – не дапаможа.

Груба кажучы, усіх ахоўнікаў Лукашэнкі з Міністэрства ўнутраных справаў можна разбамбіць за адзін дзень.

Таму згода на завоз ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі – гэта тая пагрозлівая ў сваім патэнцыяле саломінка, за якую хапаецца ўзурпатар улады.

Першы ж ядзерны зарад, завезены на тэрыторыю Беларусі, пераводзіць Лукашэнку ў разрад стратэгічнай праблемы.

Тут пытанне ці гатовыя краіны NATO бараніць сябе на тэрыторыі, падкантрольнай Лукашэнку?

Сам дыктатар як мантру паўтарае фразу «мы з Расеяй». Але Расея загразла ў вайне з Украінай, прычым чакае сур’ёзны наступ ЗСУ.

Армія ў Беларусі не матываваная на вайну ў прынцыпе. А міліцэйскія фармаванні здатныя разганяць толькі мірныя дэманстрацыі.

У калектыўнага Захаду застаецца прыблізна месяц, каб зрэагаваць – абясшкодзіць пагрозу.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя