У Варшаве адбылася творчая сустрэча з Уладзімірам Арловым



Чарговая лекцыя вядомага беларускага пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова адбылася ў Беларускім Доме Варшавы. Як заўсёды пры поўнай залі спадар Арлоў распавёў пра новыя факты паўстання Кастуся Каліноўскага.

“Паводзіны захопнікаў з Усходу заўсёды былі крыважэрнымі”, – гаворыць Уладзімір Арлоў:

-З тых, каго захапілі ў палон, або арыштавалі, 181 паўстанец на нашым абшары быў павешаны ці расстраляны. Каля тысячы асуджаныя на катаргу. Дванаццаць з паловай тысяч паўстанцаў выслалі з родных мясцінаў альбо адправілі ў арыштанцкія роты. Звыш шасці тысяч каліноўцаў атрымалі розныя іншыя пакаранні, пазбаўляліся шляхецкіх правоў, маёнткаў. Немагчыма злічыць тых, хто вымушаны быў пакінуць Айчыну.

Паводле Уладзіміра Арлова, мала хто ведае, што тады знішчаліся цэлыя беларускія вёскі, якіх западозрылі ў дапамозе паўстанцам. Усе пабудовы палілі, а жыхароў адпраўлялі ў Сібар. Са Слуцка выслалі 400 жыхароў. У Сібір па этапу пешкі адправілі настаўнікаў, лекараў, непаўнагадовых гімназістаў.

Пасля лекцыі жадаючыя маглі набыць кнігі Уладзіміра Арлова з яго аўтографамі.

Беларускае Радыё Рацыя