Свята Тройцы на Гайнаўшчыне адзначаць «Ваджэннем куста»
Свята Тройцы ў вёсках Збуч і Чыжы на Гайнаўшчыне адзначаць «Ваджэннем куста». Старадаўні абрад прадставіць мясцовым жыхарам Студыя фальклору падляшскіх беларусаў «Жэмэрва» са Студзіводаў, якая сёлета адзначае 20-годдзе свайго існавання.
Старадаўні абрад «Ваджэнне куста» мы змаглі аднавіць, між іншым, дзякуючы супрацы з фалькларыстамі і музыкамі з Беларусі і Палесся, – кажа кіраўніца калектыву Анна Фіёнік:
-Кантакты з Беларуссю, з Палессем. І калі мы пачалі ездзіць і пабачылі такі менталітэт людзей, асабліва старэйшых, і песні паказалі, што гэта адна супольная тэрыторыя.
«Ваджэнне куста» – гэта старадаўні абрад беларусаў Палесся і Падляшша, звязаны са святам Тройцы. Маладую жанчыну апранаюць у зялёную сукенку і ўпрыгожваюць галінкамі маладой бярозы ці клёну. Куст, як сімвал росквіту прыроды, вадзілі па хатах жыхароў вёскі.
Ужо ў нядзелю, 4 чэрвеня, на Свята Тройцы абрад «Ваджэнне куста» прадставяць на Гайнаўшчыне. А 15-й гадзіне карагод пройдзе вуліцамі вёскі Збуч, а гадзіну пазьней – ён завітае ў суседнія Чыжы.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя