Баку і Ерэван на шляху да міру?
У Кішынёве на высокім узроўні пры ўдзеле еўрапейскіх палітыкаў прайшлі перамовы прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна і прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева аб статусе Нагорнага Карабаха.
У выніку падпісання поўнавартаснай мірнай дамовы не адбылося. Падчас анлайн-сустрэчы «Асацыяцыі беларускіх ветэранаў» эксперт па Блізкім Усходзе Ілля Куса распавёў, ці дапамагла сустрэча ў Кішынёве наблізіцца да дасягнення міру ў рэгіене:
– Само пытанне Карабаха, дакладней пытанне правоў армянскага насельніцтва Карабаха павінна вырашацца Азербайджанам ў двухбаковых перамовах з мясцовымі ўладамі непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі. Вялікае пытанне, ці пагодзіцца Аліеў. Ён абяцаў усё вырашыць сілай зброі, а тут трэба весці перамовы з сепаратыстамі, з пункту яго гледжання. Калі ўсё вырашыцца так, то ў прынцыпе гэта і Арменію і Азербайджан фактычна вызваляе ад гэтага карабахскага кручка, на якім яны віселі 30 гадоў, у тым ліку і дзякуючы Расеі. І таму я ўспрымаю гэтыя перамовы, як спосаб краін Захаду выцесніць Расею з Паўднёвага Каўказа.
Вядома, што ў ліпені адбудзецца новая сустрэча па пытанні Нагорнага Карабаха ў пяцібаковым фармаце ў Брусэлі, а пасля – сустрэча ў Гранадзе ў кастрычніку. Пры гэтым Арменія жадае ў гэтым пытанні такой жа сусветнай ўвагі і падтрымкі, як і для Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя