Уладзімір Някляеў: У Польшчы я ў статусе чалавека, які займаецца сваёй справай



У Кракаве адбываецца фестываль «Культура ў эміграцыі». Гэта два дні імпрэз ад беларускіх дзеячоў культуры: творчыя сустрэчы, спектаклі, майстар-класы ды канцэрты. Сярод удзельнікаў фестывалю — Госць Рацыі паэт і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў. З ім паразмаўляў Стась Дадэрка.

РР: Эміграцыя. Ці адчуваеце вы сябе эмігрантам?

Уладзімір Някляеў: Не. Я не адчуваў ніколі, і калі раней з’язджаў даволі надоўга з Беларусі.

РР: Згадваецца 1999 год, калі гэта была фактычна палітычная эміграцыя.

Уладзімір Някляеў: Усе называлі гэта эміграцыяй, але я не лічыў гэта эміграцыяй, я проста з’ехаў ад невыноснасці быцця, скажам так. Бо тады я цягнуў на сабе і Саюз пісьменнікаў, і часопіс, і газету. І даставалі мяне не толькі рэжымныя людзі, але і свае. Ну скажам, вось ён захапіў усе камандныя пасады, нават шыльду з дзвярэй здзерлі з імем старшыні Саюза пісьменнікаў.

РР: А як зараз? У якім вы сёння статусе, як самі сябе вызначаеце?

Уладзімір Някляеў: Я ў статусе чалавека, які займаецца сваёй справай. У Беларусі зараз мяне ніхто не выдае. Таму калі ўзнікла магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, такая прапанова да мяне дайшла, я згадзіўся з ёю. І паехаў спачатку ў Кракаў, дзе рыхтавалася па сутнасці гэтая кніга, а пасля паехаў у Вроцлаў, дзе яна выдалася. Таму я адчуваю сябе ў якасці аўтара гэтай кнігі, які ў Кракаве на віле Дэцыюша яе прэзентуе. Вось і ўсе мае адчуванні.

РР: Віншую вас з новым выданнем. Гэта зборнік «Сам», дзе сабраныя пераклады вашых вершаў на польскую мову. Якія тэксты туды трапілі, хто займаўся перакладам?

Уладзімір Някляеў: Гэта дзвюхмоўная кніга. Гэта беларускія тэксты і паралельна пераклады на польскую мову. І гэтая кніга з двух частак. Першая частка – гэта новыя творы, гэта дзве паэмы, якія напісаў тады, калі кніга рыхтавалася ў Кракаве. Першая паэма – «Вайна, якой няма», і другая – «Вар’ятня». Паэма «Вайна, якой няма» была прадстаўлена на старонках газеты «Ніва». Дзякуй тым, хто гэта зрабіў. Перакладчыкі някепскія хлопцы. Адам Паморскі, які сёння лічыцца як гуру перакладу на польскую мову, ён і з ангельскай перакладае і з нямецкай. Гэта Богдан Задура, бліскучы польскі паэт амаль што з майго пакалення. Гэта Чэслаў Сэнюх, мой перакладчык, але ўжо на тым свеце мой. Вельмі шкада, што ён сышоў. Ён пачаў перакладаць мяне ўжо даўным даўно. Вялікая для мяне была страта. Быў маім сябрам. Незвычайны чалавек. І з’явіўся яшчэ адзін нечаканы для мяне перакладчык Яраслаў Андэрс, які жыве ў Злучаных Штатах. Некалі ён разам з Богданам Задурам, падчас стану ваеннага, з’ехаў. Задура вярнуўся. А ён там застаўся. І зрабіў даволі прыстойную кар’еру, як для іншаземца ў Амерыцы. Я з ім пазнаёміўся зусім не па літаратурных справах, а па палітычных, калі яшчэ займаўся палітыкай. Ён працаваў у дэпартаменце і быў загадчыкам аддзела. Гэта для бюракратычнай кар’ернай лесвіцы даволі высокая прыступка. І тым не менш ён вельмі любіць літаратуру. І ён зараз перакладае мяне з арыгіналу. Пачаў з прозы. І я не думаў, што ён зможа ўзяцца за пераклады вершаў, асабліва за пераклад такой паэмы як «Вар’ятня». Я ўвогуле не думаў, што гэтую паэму магчыма перастварыць на любую іншую мову. Вельмі складаны твор. Але ён справіўся з гэтым. А пасля яшчэ больш здзівіўся, калі атрымаў тэкст перакладу з Беласточчыны. І не ад каго-небудзь, а ад дырэктара Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскімад Андрэя Сцепанюка. Надрукавала „Ніва” арыгінал, і ён узяў і пераклаў.

Цалкам размова:

Падчас фестывалю «Культура ў эміграцыі» ў Кракаве Уладзімір Някляеў прадставіў сваю новую кнігу «Сам».

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота Яніны Стэфанчук