Праверка сховішчаў у Кіеве паказала непрыдатнасць амаль паловы з іх
Прэзідэнт Украіны пасля серыі нападаў дронамі на Кіеў даручыў разабрацца са станам сховішчаў.
Праблема абвастрылася тады, калі ў ноч на 1 чэрвеня падчас ракетнай атакі на Кіеў адно з бамбасховішчаў не адчынілі, ад гэтага загінулі людзі. Трагедыя адбылася ў Дзяснянскім раёне Кіева — менавіта там загінулі двое дарослых і дзіця. Муж адной з загінулых жанчын паведаміў журналістам, што людзі не здолелі трапіць у сховішча, якое ім не адчынілі, хоць яны грукаліся ў дзверы каля 20 хвілін. Ахоўніка затрымалі, яго падазраюць ва ўжыванні алкаголю, пісала Громадське.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ў каменданцкі час паліцыя будзе аб’язджаць усе сховішчы і правяраць іх працу. Кіраўнікоў Дзяснянскага раёна і медычнай установы ён запатрабаваў адхіліць ад працы на час следства.
Першы этап праверкі прынёс нечаканыя вынікі, за якімі пойдуць высновы. Высветлілася, што ў Кіеве зачыненыя або непрыдатныя для выкарыстання ажно 44% сховішчаў.
Беларускае Радыё Рацыя