Анатоль Лябедзька: “Расстрэльныя спісы” спецслужбам Беларусі падавацца не будуць



Прадстаўнікі чатырох дэмакратычных партый падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні 5 чэрвеня заявілі пра тое, што спісы сяброў партый праз адсутнасць гарантый бяспекі і наступстваў, звязаных з сяброўствам у партыях актывістаў, у Мінюст Беларусі перадавацца не будуць.

Прадстаўнікі дэмакратычных партый Беларусі прынялі такую рэзалюцыю, у якой яшчэ заклікаюць спыніць дзеянне Закону “Аб палітычных партыях” у новай рэдакцыі, Канстытуцыйны суд праверыць новую рэдакцыю Закона на адпаведнасць асноўнаму закону Беларусі ды іншым заканадаўчым актам.

Некаторыя партыі, як, напрыклад, Беларуская партыя „Зялёныя” і БСДП, ужо падалі дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст без спісаў сябраў,  а некаторыя партыі ўвогуле падаваць дакументы не збіраюцца (АГП, БНФ).

Кажа Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ:

Мы па-ранейшаму лічым закон, які прыняты ў Беларусі аб перарэгістрацыі палітычных партый не канструктыўным, не адпавядаючым духу заканадаўста. Таму мы ацэньваем яго як не закон (закон не закон). Таму рашэнне партыі ў тым, каб не падаваць дакументы на рэгістрацыю, не падаваць спісы з прычын бяспекі і клопату за бяспеку нашых сябраў.

Паводле Анатоля Лябедзькі, кіраўніка цэнтра “Еўрапейскі дыялог”, усе ацэньваюць гэта не як перарэгістрацыю партый, а як ліквідацыю, палітычную спецаперацыю:

І асноўнае – гэта , канешне ж, ліквадаваць усякую альтэрнатыву ў Беларусі. І гэта можа быць часткай падрыхтоўкі да вельмі спецыфічнай выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў наступным годзе ў Беларусі. І наогул сёння ў Беларусі ў сістэме лагера не можа быць ніякай альтэрнатывы, тым больш апазіцыйных палітычных партый. Але мяне цешыць, што партыі змаглі выпрацаваць агульную пазіцыю прыняцця рэзалюцыі і прыняць агульнае рашэнне не падаваць “расстрэльныя спісы”  спецслужбам Беларусі.

Як кажа мадэратар сустрэчы, кіраўнік цэнтра “Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька, зараз узровень кансалідацыі партый, як ніколі, высокі. І ў хуткім часе яны зладзяць яшчэ адну прэс-канферэнцыю, дзе ўжо не чатыры прадстаўнікі партый, а дзевяць анансуюць свае далейшыя планы.

Нагадаем, цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 6 кіраўнікоў зарэгістраваных і незарэгістраваных партый: Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Павел Севярынец, Андрэй Дзмітрыеў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя