Дыскусія пра беларускую адукацыю ў Польшчы



Стратэгія развіцця асветы беларускай меншасці ў Польшчы была прынятая год таму. Ва Управе Падляшскага ваяводства прайшла першая сустрэча, якая падводзіла вынікі гадавой працы паводле Стратэгіі, ды акрэслівала праблемы і планы на будучыню.

Сярод удзельнікаў – прастаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, у тым ліку Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА, Беларускага гістарычнага таварыства, Беларускага саюзу ў Польшчы, прадстаўнікі навучальных установаў, а таксама Міністэрства адукацыі і Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы, Кураторыі асветы (аддзела адукацыі), органаў мясцовага самакіравання.

У час сустрэчы ішло абмеркаванне выканання запланаваных дзеянняў паводле пунктаў, вызначаных Стратэгіяй. Ужо па першым пункце, які прадугледжвае забеспячэнне неперарыўнай адукацыі на беларускай мове ад дзіцячага садка да так званых “панадгімназійных” навучальных установаў – узнікла дыскусія. Кажа старшыня аб’яднання АБ-БА Кася Паўлоўская:

– У мінулым годзе ў дзіцячым садку №14 у Беластоку, які ёсць адзіным, дзе вывучаецца беларуская мова, у час набору дзетак было прапанавана толькі 11 месцаў. Хоць запатрабаванасць ёсць значна большая. Лічу, што гэта сур’ёзная праблема, калі мы гаворым пра неабходнасць беларускай адукацыі на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад дзіцячага садка. У выніку дыскусій было агучана, што Міністэрствы звернуцца да кіраўніцтва садка і ў органы мясцовага самакіравання з просьбай дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы.

Наступнае пытанне тычылася вышэйшай адукацыі, у прыватнасці, праблемаў з наборам на беларускую філалогію ў Беластоцкім універсітэце (напрыклад, ужо два гады няма набору), а таксама стварэння напрамку “беларуская этнафілалогія”. Тут зрухаў ніякіх не адбылося, а прадстаўнікі ўніверсітэту на сустрэчу ўвогуле не прыйшлі. Затое па наступным пункце – поўны поспех. Маецца на ўвазе выдаванне цыклічнага метадычнага беларускага часопіса для настаўнікаў. Расказвае сябра рэдкалегіі “Беларускага настаўніка”, настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк:

– Так, у руках у мяне першы нумар часопіса. Хвалююся, бо ацэньваць яго будуць настаўнікі, але мы ў аб’яднанні вельмі цешымся, што часопіс з’явіўся. Лічым, што ён стане сапраўднай дапамогай настаўнікам, але толькі  ў тым выпадку, калі і настаўнікі будуць з намі дзяліцца сваімі метадычнымі напрацоўкамі.

Часопіс плануецца паўгадавы. Першы яго нумар змяшчае поўнасцю тэкст Стратэгіі развіцця асветы беларускай меншасці ў Польшчы, а таксама сцэнары заняткаў і рэкамендацыі па падрыхтоўцы да здачы матуры (выпускных экзаменаў).

[Not a valid template]

Спрэчкі ў час сустрэчы выклікала наступнае пытанне: Стратэгія прадугледжвае, што аб’яднанне АБ-БА, як прадстаўніка нацменшасці, Кураторыя асветы будзе інфармаваць пра конкурсы на пасады дырэктараў тых навучальных установаў, дзе вывучаецца беларуская мова. Прадстаўніцы Кураторыі (аддзелу адукацыі) фактычна адмовіліся гэта рабіць, спаслаўшыся на тое, што конкурсы арганізуюць органы мясцовага самакіравання. У выніку дырэктар Дэпартаменту нацыянальных меншасцяў Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Дабеслаў Жэмянеўскі (які быў вядоўцам сустрэчы) прапанаваў, што Міністэрства разашле лісты ў органы самакіравання з просьбай аб прадастаўленні такой інфармацыі.

Дырэктар беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк:

– Прайшоў год, і мы размаўляем па кожным пункце. І бачым, што пэўныя пункты трэба дапрацаваць, каб яны больш закраналі тых, хто адказны за рэалізацыю Стратэгіі. Сустрэча паказала, што не зусім, асабліва прадстаўнікі ваяводскіх уладаў, разумеюць сэнс Стратэгіі. Гэта выявілася і ў выступе віцэ-куратара ў пытанні прадастаўлення інфармацыі пра конкурсы. Таму такая сустрэча прыводзіць да таго, што мы больш адказна падыходзім да Стратэгіі, але таксама будзем патрабаваць гэтага і ад чыноўнікаў, якія адказваюць за асвету не толькі беларускую, бо мы частка польскай асветы, і трэба ў гэтую хвіліну дамагацца таго, што ў Стратэгію запісанае.

Сябра аб’яднання АБ-БА Барбара Пякарская:

– Цяжка казаць, наколькі спраўдзіліся чаканні. Бо Стратэгія – гэта дамова розных бакоў, з якіх кожны забавязаўся нешта рабіць і зрабіць. Мы, як ініцыятар і арганізатар, зрабілі тое, што павінны былі, а іншыя бакі – не абавязкова. Але галоўнае, што гэтая Стратэгія ёсць, што на яе можна паклікацца, калі ўзнікаюць спрэчныя пытанні, і гэтая Стратэгія зацверджаная і ўрадам, і самаўрадамі, і арганізацыямі, і Кураторыяй. Яна дае нам нейкую сілу.

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Гражына Плошайская з Дэпартаменту якасці адукацыі звярнула ўвагу на значэнне Стратэгіі развіцця асветы, якая “ажывіла беларускае асяроддзе”, і гэта яскрава заўважнае ў падрыхтоўцы шэрагу падручнікаў.

За год была завершана падрыхтоўка адукацыйных матэрыялаў для класаў 1-3. Раней быў выданы паказны Алфавіт, на сайце аб’яднання АБ-БА змешчана яго другая версія. Пабачылі свет дыскі з песнямі для 1-3 класаў пачатковай школы. І самае галоўнае падручнікі: для першага класа – Сцэнары заняткаў для настаўнікаў, для другога класа – “Лямантар”, а для трэцяга – “Кругагод”. “Цяпер чакаюць класы 4-6 і гімназія”, – дадае настаўніца Аліна Ваўранюк.

Таксама ў плане стратэгіі – выданне кнігі “Гісторыя беларусаў Падляшша”. Гэта ў планах на наступны год. Паводле вынікаў маніторынгавай сустрэчы ўсе прапановы і змены былі запісаныя ў выглядзе пратакола. Падобныя сустрэчы плануюцца адзін раз у год.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце: