Юрась Губарэвіч: Партыі адчувалі рэальны кадравы голад
Працэс перарэгістрацыі палітычных партый зараз ідзе ў Беларусі. Пры гэтым улады паведамляюць, што напрыклад, яшчэ 2 траўня – адбылася ўрачыстая цырымонія ў Міністэрстве юстыцыі, калі пасведчанне аб рэгістрацыі атрымала праўладная партыі „Белая Русь”. Тады міністр юстыцыі Сяргей Хаменка паведаміў, што ніводная з астатніх 15 партый не прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасці з новым заканадаўствам.
Сярод паправак: трэба ўладам перадаць спіс з 5 тысячаў сваіх прыхільнікаў. Ёсць і іншыя патрабаванні, якія цяжка пераадолець. На гэта ўвагу звяртае Госць Рацыі – палітык Юры Губарэвіч, лідар руху «За свабоду» ды адказны па пытаннях рэгіянальнага развіцця ў Народным Антыкрызісным Упраўленні. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Зараз такі перыяд, што ўлады абвесцілі кампанію перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый. І, напрыклад, прадстаўнікі палітычных партый праводзілі такую канферэнцыю ў Вільні, дзе казалі пра тое, што яны не ў стане выканаць адно з патрабаванняў Мінюста пра спіс у 5000 сяброў, які яны маюць ведаць. Як вы гэта ацэньваеце?
Юрась Губарэвіч: Выкананне гэтага патрабавання было б складаным і да 2020 года з меркаванняў збору людзей, бо якраз на той момант мала хто цікавіўся палітыкай і партыі адчувалі рэальны кадравы голад, хоць шмат хто дэклараваў з іх наяўнасць там 1000 сяброў. Але, вядома, актыўных з іх было няшмат. 2020 год прынёс змены, і якраз вось на піку гэтых масавых выхадаў людзей на вуліцу, калі партыі вырашылі набраць актывістаў, яны б, напэўна, выканалі гэтае патрабаванне. І сведчанне таго, гэта з’яўленне новых ініцыятываў, такіх як партыя Віктара Бабарыкі, якая сходу, па іх звестках, перавыконвала план па гэтых 5000. Аднак сёння сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх тым, што любыя спісы не будуць пададзеныя ў органы рэжыму Лукашэнкі, Міністэрства юстыцыі. Гэта спісы тых людзей, якія патрапяць пад пагрозу рэпрэсій, бо невядома, ці зарэгіструюць партыю, а хутчэй за ўсё – не зарэгіструюць з іншых прычынаў, але гэта будзе спіс людзей, якія ўжо на сёння праяўляюць нелаяльнасць да рэжыму, якія дэкларуюць сваё жаданне ўдзелу ў апазіцыйнай палітычнай партыі. Таму я абсалютна разумею слушнасць рашэння не падаваць ніякія спісы на перарэгістрацыю.
РР: Правільна я разумею, што вы думаеце, што нават у некаторых беларускіх апазіцыйных партый былі б праблемы са складаннем вось гэтага спісу ў 5000 чалавек на фоне апошніх гадоў, як развівалася гэтае палітычнае жыццё ў Беларусі?
Юрась Губарэвіч: Так, я перакананы, што адзіны момант – гэта 2020 год, калі быў высокі ўзровень грамадскай актыўнасці і не было атмасферы страху, калі можна было выканаць гэтае патрабаванне. Да 2020 года была пэўная апатыя і не жаданне ўвогуле далучацца да палітычнай дзейнасці. Мы гэта назіралі на ўласныя вочы. А пасля 2020 года, вось і ў бягучыя дні – гэта ўжо страх за ўласную бяспеку.
РР: А які вось статус Руху “За свабоду”? Вы таксама траплялі пад гэта, бо гэта ж не партыя палітычная, не трапляла пад гэтыя рэгістрацыі? Напрыклад, Анатоль Лябедзька ў нашым эфіры казаў, што таксама дзейнасць апазіцыйных партый прывяла да таго, што людзі ў 2020 годзе выходзілі на плошчы таксама для нейкіх ідэалаў дэмакратычных, а не толькі з патрабаваннем куска хлеба. Рух “За свабоду” таксама вельмі актыўна дзейнічаў у Беларусі на той час.
Юрась Губарэвіч: Так, я перакананы, што пэўны ўнёсак тут, канешне, можна спрачацца, розныя могуць быць меркаванні, без унёску палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў магло б і не адбыцца 2020 года. Калі б рэжым у Беларусі зачысціў усю грамадскую прастору яшчэ на пачатку 2000-ых канца 90-ых, то ў людзей нават не было б думкі, што можна патрабаваць свабодных выбараў, што дзесьці іх падманваюць, што ўлады дэкларуюць адно, а робяць іншае, што ёсць пэўныя каштоўнасці, пра якія казалі і партыі, і грамадскія аб’яднанні. І што Беларусь мусіць быць насамрэч дэмакратычнай дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека.
Мы бачым шмат прыкладаў падобных краінаў, дзе дыктатура ўсталёўвалася дзесяцігоддзі таму і больш жорсткім шляхам. І там няма як казаць пра падобныя пратэсты, якія былі ў Беларусі, пратэсты каштоўнасцяў – гэта не галодныя бунты, не патрабаванні ці аспрэчванні нейкіх звальненняў, ці ростаў коштаў і г.д. А патрабаванні свабоды, патрабаванні павагі. Падобныя рэчы ў грамадствах, дзе няма альтэрнатыўнага меркавання, яны рэдка з’яўляюцца ў галовах людзей і рэдка агучваюцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
У лютым Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае змяненне ўмоў стварэння і дзейнасці палітычных партый. У прыватнасці, павялічаны мінімальны парог колькасці заснавальнікаў з 1 тыс. да 5 тыс. чалавек, устаноўлена абавязковая наяўнасць арганізацыйных структур ва ўсіх абласцях краіны і горадзе Менску.
Беларускае Радыё Рацыя