„Мяшкоў Берасце” следам за менскім СКА выйшаў у фінал SЕHA-лігі
Другім фіналістам SEHA-лігі стаў чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Берасце”.
У другім паўфінале на пляцоўцы „Сібур Арэны” ў Санкт-Пецярбургу берасцейцы перайгралі „Пермскіх мядзведзяў” з розніцай у адзін мяч – 34:33. У складзе беларусаў выдатна згуляў галкіпер Дзяніс Забалоцін, які неаднаразова ратаваў каманду ў здавалася б безнадзейных сітуацыях, а самым выніковым апынуўся Мікалай Алёхін, у актыве якога 6 закінутых мячоў. У першым паўфінальным паядынку віцэ-чэмпіёны Беларусі гандбалісты мінскага СКА адолелі бронзавых прызёраў расейскага першынства „Чэхаўскіх мядзведзяў” з перавагай у два мячы – 34:32.
„Сталіца” другі раз абыграла ВРЗ у фінале чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы „Сталіцы” выйшлі наперад у фінальнай серыі за залатыя медалі 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У трэцім паядынку, які адбыўся ў Гомелі, дзейныя чэмпіёны краіны перамаглі ВРЗ 8:4. Да сярэдзіны першага тайма супернікі забілі па два разы, а да перапынку госці вырваліся наперад на чатыры мячы – 6:2. Пасля аднаўлення гульні гаспадары адыгралі два мячы, але потым прапусцілі яшчэ двойчы. Мінчане вядуць у серыі да трох перамог з лікам 2:1 Наступная сустрэча серыі да трох перамог адбудзецца 10 чэрвеня на паркеце менскага спарткомплексу „Уручча”.
Бензема стаў гульцом „Аль-Ітыхада”
Нападнік Карым Бензема стаў гульцом „Аль-Іціхада”. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба з Саудаўскай Аравіі. Кантракт з 35-гадовым французскім футбалістам разлічаны да 2026 года. Як сцвярджае інсайдэр Фабрыцыа Рамана, форвард будзе атрымліваць 200 мільёнаў еўра ў год, уключаючы камерцыйныя здзелкі. Апошнім клубам Бензема быў „Рэал”, за які ён выступаў з 2009 года. У сезоне-2022/23 нападнік правёў 43 матчы, забіў 31 гол і зрабіў 6 выніковых перадач. Партал Transfermarkt ацэньвае кошт гульца ў 35 мільёнаў еўра.
Бензема з’яўляецца ўладальнікам узнагароды „Залаты мяч”-2022.
Івашка перамог француза Уга Грэнье ў першым крузе турніру Surbiton Trophy
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка абыграў француза Уга Грэнье ў першым раўндзе турніру серыі ATP Challenger Tour, у ангельскім Сурбітоне з прызавым фондам 145 тысяч еўра. Матч завяршыўся з лікам 7:5, 6:1.
Сергіеўскі працягне кар’еру ў сістэме клуба КХЛ
Самы выніковы нападнік „Металурга” у мінулым сезоне Яраслаў Сергіеўскі падпісаў двухбаковае пагадненне з адным з клубаў КХЛ, паведамляе прэс-служба „ваўкоў”. Правы на хакеіста ў чэмпіянаце Беларусі замацаваны за яго ранейшай камандай. Сергіеўскі стаў лепшым бамбардзірам у рэгулярцы, набраўшы 50 (20+30) ачкоў, і дадаў да іх 12 (4+8) балаў у плэй-оф. Разам з камандай дабраўся да залатых медалёў і ўпершыню ў кар’еры падняў над галавой чэмпіёнскі кубак.
62 ачкі за сезон — другі бамбардзірскі паказчык у клубнай гісторыі „Металурга”. Да рэкорду, які належыць эстонцу Андрэю Макрову, Сергіеўскаму не хапіла аднаго бала.
Беларускае Радыё Рацыя
