Кіраўнік МЗС Аўстрыі прапанаваў перадаць у Гаагу доказы пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі
Вена прапануе перадаць у Гаагу доказы пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская ў панядзелак сустрэлася з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам.
Яна перадала справаздачу НАУ пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі і прадпрыемстваў, звязаных з Беларуськаліем, да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Міністр прапанаваў перадаць доказы ў Міжнародны крымінальны суд для правядзення расследавання.
Паведамляе прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідаркі.
Асобна абмеркавалі сітуацыю з размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што гэта абсалютна недапушчальна, большасць беларусаў разумее, што размяшчэнне зброі незаконнае. І можа прывесці як да поўнай страты незалежнасці, так і да магчымага пераносу ваенных дзеянняў на беларускую тэрыторыю.
Гаварылася і пра новы пакет санкцый з боку Еўразвяза. Ціханоўская прапанавала пашырыць санкцыйны спіс суддзямі, пракурорамі, сілавікамі, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях.