У Грузіі робяць летнік для беларусаў
Беларускіх дзетак запрашаюць у летнік у грузінскай Аджарыі. Гэта будзе прыродазнаўчы навукова-аздараўленчы летнік на моры ў Грузіі “Злёткі” http://sletki2023.tilda.ws/.
Пра яго распавядае адна з арганізатарак летніку – кіраўнічка шматфункцыянальнай беларускай прасторы «аКсяродак» Аксана Акуневіч:
– Планавалі сабраць дзяцей беларусаў, беларускамоўных дзяцей, падлеткаў з усіх краін, куды нам давялося раз’ехацца. То-бок першапачаткова мы планавалі і з Германіі, і таму запрашалі дыяспару, якая ў Германіі, дыяспару з Вялікабрытаніі, Францыі, натуральным чынам з усёй Польшчы, бо гэта абсалютна розныя суполкі, з Грузіі. Ну, і найбольш хацелася даць магчымасць адпачыць і пераключыцца дзецям з Беларусі.
Аксана Акуневіч лічыць, што адметнасцямі гэтага летніка будзе таксама яго навуковая частка:
– Гэта будзе натуральнае, арганічнае спалучэнне як адпачынку, так і навуковай часткі. Калі вы бывалі ў летніку, то ёсць пасярод дня такі мёртвы час, яго так і называюць, калі заняткаў няма. За савецкім часам, канешне, гэта была так званая ціхая гадзіна, усе пакутавалі. То ў нас запланавана з раніцы мора і ўвечары мора, а ў вось гэтую мёртвую гадзіну – тры гадзіны даследаванняў, эксперыментаў. І ўвечары перад самымі прыемнасцямі.
Дзетак апроч навуковай і адпачынкавай часткі таксама чакаюць экскурсіі ў дэндрапарк і Паційскі маяк, а падрабязнасці летніка можна даведацца, напісаўшы на акаўнт у сацыяльных сетках @aksiarodak (Tg/Ig)
Беларускае Радыё Рацыя